У Асіповічах дзяўчынка засунула руку ў скрыню на квэсце
4- 11.04.2025, 14:51
- 8,148

І атрымала 1000 рублёў у якасці кампенсацыі.
Суд Асіповіцкага раёна разгледзеў справу аб кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай 14-гадовай дзяўчынцы падчас праходжання квэсту, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на прэс-службу Вярхоўнага суда.
Са слоў маці пацярпелай, яны з дачкой удзельнічалі ў забаўляльным мерапрыемстве, арганізаваным індывідуальнай прадпрымальніцай. Падчас квэсту дзяўчынка сунула руку ў цёмную скрыню ў пошуках падказкі і яе ўкусіў пацук. Жанчына адзначыла, што арганізатары загадзя не папярэджвалі ўдзельнікаў аб наяўнасці жывёлін і не гарантавалі бяспеку.
У выніку ўкусу дзіця перанесла фізічны боль, два месяцы праходзіла лячэнне, а на месцы траўмы застаўся шнар. Маці запатрабавала ад арганізатара кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 1000 рублёў.
Прадпрымальніца на пасяджэнне не з'явілася, але яе прадстаўнік прызнаў віну часткова - толькі на суму, якую заплаціла сям'я за ўдзел у квэсце (48 рублёў).
Суд прыйшоў да высновы, што траўма адбылася з віны арганізатараў, якія не гарантавалі бяспечныя ўмовы, і пастанавіў спагнаць з адказчыцы 1000 рублёў у якасці кампенсацыі, а таксама 126 рублёў дзяржмыты.
Пастанова суда пакуль не набыла моц і можа быць абскарджаная.