Францыя задзейнічала вайскоўцаў на мяжы з Украінай і Малдовай
1- 11.04.2025, 14:58
- 5,104

Французскія жаўнеры выконваюць місію ля «Факшанскай брамы».
Французскія вайскоўцы складаюць мапы мясцовасці на мяжы Румыніі з Украінай і Малдовай. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца на выпадак магчымага ўварвання РФ.
Пра гэта паведамляе Figaro.
«Румыны называюць гэты раён «Факшанскай брамай». Для румынскіх і хаўрусных штабоў гэта маршрут, па якім расейскае войска магло б уварвацца ў Румынію», - тлумачыць палкоўнік Жэром, які летась камандаваў атрадам з прыкладна трыццаці жаўнераў, размешчаных у Румыніі.
Са слоў французскага палкоўніка, гістарычна гэта «прахадны шлях» з усходу. Таму калі НАТА перагледзела свае планы абароны, каб супрацьстаяць расейскай пагрозе, мапы мелі патрэбу ў абнаўленні і французскі полк прапанаваў свае паслугі. Тады да аперацыі падключылася румынскае картаграфічнае агенцтва.
«Хаўруснікам неабходна было мець актуальныя веды аб меркаваным будучым полі бою. Нам трэба было ведаць, дзе будуць размешчаныя сістэмы ўзбраення, дзе будуць знаходзіцца цікавыя для нас цэлі, а таксама прадугледзець пытанне аператыўнай мабільнасці, задакументаваць дарогі, звужэнні», - дадае палкоўнік.
Выданне адзначае, што ў ваенны час «некаторыя рэчы перастаюць быць відавочнымі». Так, глушэнне сігналаў геалакацыі таксама стала сістэматычным на полі бою, што ставіць пад пагрозу дакладнасць заходняй зброі, такой, напрыклад, як CAESAR.
«Наша зброя вельмі залежыць ад геалакацыі. Мы павінны будзем дапамагчы нашым войскам працягваць манеўраваць, нягледзячы на страту сігналу геалакацыі. Супаставіўшы мясцовасць з ужо ўсталяванымі апорнымі пунктамі, яны змогуць працягваць наносіць удары. Яны змогуць дакладна вызначыць сваё месцазнаходжанне і будуць мець больш шанцаў трапіць у цэль, ведаючы, адкуль яны вядуць агонь», - кажуць вайскоўцы журналістам.
Што сабой уяўляе «Факшанская брама»
На мапе Румыніі, якая ёсць у распараджэнні французскіх вайскоўцаў, рэльеф прадстаўлены ў трох вымярэннях. На ёй выява Карпацкага горнага хрыбта, які ўтварае дугу ў цэнтры краіны. Горад Чынку, дзе французскае войска размясціла тысячу жаўнераў у адказ на ўварванне ва Украіну пасля 2022 года, ляжыць на захад ад горнай лініі. З іншага боку раўніна спускаецца да ўзгоркаў Малдовы, крыху на поўдзень працякае Дунай і адкрываецца шлях ва Украіну.