«Нечакана для Лукашэнкі «вялікі кітайскі камень» стаў каменем на шыі»
10- 11.04.2025, 16:11
- 11,272

З маўклівай згоды кітайскіх і расейскіх таварышаў.
У аналітычным дакладзе КДБ аб пагрозах экспартнаму патэнцыялу Беларусі Кітай прызнаны наўпроставай пагрозай прадпрыемствам-флагманам цяжкага машынабудавання. У дакладзе адзначаецца, што Пекін уяўляе пагрозу тэхналагічнаму суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы краіны агулам, піша тэлеграм-канал «Беларуская выведка».
У дакладзе падкрэсліваецца, што беларускую тэхніку атрымоўваецца прадаць толькі ў якасці «паблажлівасці» ад губернатараў і чальцоў урада РФ і як правіла пасля наведвання Менска. Нават закупленая для галачкі і пастаўленая ў мірны сектар у рэгіёны па бюджэтным фінансаванні тэхніка нарэшце адпраўляецца на «СВА».
Таксама ў дакуменце падкрэсліваецца, што ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве трэба чакаць поўнага выцяснення беларускай цяжкай і будаўнічай тэхнікі з рынку Расеі. Такая сітуацыя назіраецца і ў іншых абласцях машынабудавання: камбайны, пагрузчыкі, трактары, ліфты і т. п.
У аналітыцы таксама адзначаецца, што такую сітуацыю неўзабаве чакае і рынак РБ, а адзіным каналам збыту цяжкай тэхнікі ў будучыні стане вайсковая сфера, якая не зможа забяспечыць збыт усіх вытворчых магчымасцей Беларусі.
Нечакана для Лукашэнкі, але «вялікі кітайскі камень», з маўклівай згоды кітайскіх і расейскіх таварышаў, стаў каменем на шыі флагманаў, здольным пацягнуць на дно ўвесь карабель захраслай у «стабільнасці» беларускай эканомікі.