Першы кіраўнік МЗС Расеі абвешчаны ў РФ «іншаагентам»
8- 11.04.2025, 20:32
- 10,768
Цяпер Андрэй Козыраў жыве ў Маямі.
Міністэрства юстыцыі Расеі абвясціла «іншаагентам» былога міністра замежных справаў краіны Андрэя Козырава. Як вынікае з апублікаванага ў пятніцу, 11 красавіка, запісу на сайце Мінюста, Козыраў выступаў супраць вайны Расеі ва Украіне, піша «Нямецкая хваля».
«Узаемадзейнічае з замежнымі пляцоўкамі, жыве за межамі РФ», – дадалі ў Мінюсце РФ. Вясной 2022 года экс-міністр на знак пратэсту супраць поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну заклікаў «усіх расейскіх дыпламатаў пайсці ў адстаўку».
«Паважаныя дыпламаты Расеі, вы – прафесіяналы, а не танныя прапагандысты. Калі я працаваў у МЗС, я ганарыўся сваімі калегамі. Цяпер проста нельга падтрымліваць крывавую братазабойчую вайну ва Украіне», – напісаў ён у сацсетцы X.
У сакавіку 2025 года Козыраў у інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону выказаў меркаванне, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму трэба прадаўжаць патрабаваць у хаўруснікаў зброю, каб вярнуць тэрыторыю.
Андрэй Козыраў – першы міністр замежных справаў РФ. Пасаду кіраўніка МЗС РФ ён займаў з 1990 да 1996 года. З 2012 года Козыраў жыў у Маямі (штат Флорыда) у ЗША. У 2019 годзе ён заклікаў да імпічменту Дональда Трампа і выказаў меркаванне, што Злучаныя Штаты перастаюць быць «маяком маральнай ісціны».