13 красавiка 2025, Нядзеля, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта зрабіў урад, бо кошты паднімаліся ў геаметрычнай прагрэсіі»

11
«Гэта зрабіў урад, бо кошты паднімаліся ў геаметрычнай прагрэсіі»

Беларусы праз 14 гадоў узгадваюць выбух у метро на Кастрычніцкай.

«Я памятаю выразна яркую ўспышку, незразумелы мне на той момант гук», - так праз 14 гадоў успамінае выбух у метро 30-гадовы мянчук Арцём. Яму было 16 гадоў, калі ён апынуўся за чатыры метры ад бомбы ў менскім метро 11 красавіка 2011 года.

Менчукі не забудуць гэты дзень: перагружаныя тэлефонныя сеткі, неразуменне таго, што адбываецца, шок. Тэракт адбыўся ў гадзіну пік а 17.55 на станцыі Кастрычніцкая. 15 чалавек загінулі, сотні атрымалі раненні.

Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх прызналі вінаватымі паводле справы аб тэракце, прысудзілі да смяротнага пакарання. Многія, у тым ліку пацярпелы Арцём, дагэтуль мяркуюць, што за гэтай справай стаялі не тыя, каго абвінавацілі.

«Еўрарадыё» паразмаўляла з хлопцам пра тое, што адбывалася з ім у той дзень і пасля. Падаем яго аповед.

«Родныя віншуюць з другім днём нараджэння»

Цікава… Апошнія гадоў сем я ўвогуле не ўспамінаю пра гэты дзень. Было і было. Але родныя і знаёмыя ўспамінаюць і нагадваюць мне. Звычайна гэта віншаванні з другім днём нараджэння.

Мне было 16, я хадзіў на курсы для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання. Дзень як дзень. Я спазняўся на курсы, але дамовіўся з сябрам сустрэцца ў метро, каб пад'ехаць да ГЦ «Сталіца».

Мы перасаджваліся на сінюю галінку па эскалатарах і заспелі момант выбуху, калі ўжо спусціліся [на «Кастрычніцкую»] і ішлі па пероне.

Далей - поўны хаос і паніка. Я памятаю выразна яркую ўспышку, незразумелы мне на той момант гук.

Я інстынктыўна заплюшчыў вочы, зажмурыўся, закрыў іх рукамі і неяк трошачкі сагнуўся, але пры гэтым я адчуў, як быццам мяне нешта рухае назад.

Расплюшчыў вочы: усё было ў пыле, у паніцы, крыкі, гул. Ніхто, зразумела, не разумеў, што гэта такое.

Я перш за ўсё паспрабаваў знайсці сябра. Я яго адразу не пазнаў. Ён проста абгарэў: апаленыя валасы, апаленая куртка, апалены твар, плюс, натуральна, дым, пыл, бруд. Да таго моманту я ўжо не бачыў на адно вока.

Потым інстынктыўна мы пачалі рухацца наверх за ўсім натоўпам. Проста ішлі наперад, не задумваючыся аб тым, што там далей і як там далей. Можна сказаць, што спрацаваў «інстынкт статка». Хтосьці крычаў, прасіў аб дапамозе.

Наверсе стаяў нейкі мужык. Ён усім крычаў, маўляў, ідзіце туды, тут нічога не абрынулася, ідзіце па праходзе далей, пераходзьце на іншую станцыю, там ўсё добра. І ўсе туды рухаліся.

Ступіўшы на прыступкі, я зразумеў, што ў мяне нешта не так з нагамі. Я адчуў, як з мяне льецца кроў.

Тым часам дзяўчынка, закінуўшы на сваё плячо, цягнула хлопца, які не мог сам перасоўвацца. Я з другога боку яго падхапіў, сказаў, што давяду. Дзяўчынка яго адпусціла. Мой сябар на той момант уцёк наперад, наколькі было магчыма ўцячы. Я з гэтым хлопцам рухаўся вельмі павольна, бо мне і самому было цяжка перамяшчацца ўжо.

Мы дайшлі да прыступак «Купалаўскай». Там людзі падхапілі ў мяне гэтага хлопца. Яго некуды забралі. Я хутка падняўся па прыступках, каб знайсці свайго сябра.

Убачыў, што яго кудысьці выводзіць працаўнік метрапалітэна. Я хутка дагнаў яго. І нас завялі ўдваіх у медпункт метрапалітэна на «Купалаўскай».

Разумення, што адбываецца, не было ні ў каго.

«Гэта не слёзы, у яго з вока выцякае шклопадобнае цела»

Пасля выбуху я адразу перастаў бачыць на адно вока. Спытаў у медсястры, яна сказала, што ўсё нармальна, хутчэй за ўсё, гэта валасы апалі, таму не бачу.

Агледзела мае ногі, якія крывавілі. У мяне былі множныя аскепкавыя раненні пахвінных цягліц. Медсястра агледзела, зрабіла ўкол. Спрабавала датэлефанавацца да хуткай.

Да хуткай, натуральна, ніхто датэлефанавацца не мог, бо лінія была перагружаная. Мы спрабавалі адначасова датэлефанавацца да бацькоў. Датэлефанавалася медсястра. Я не памятаю, пра што размаўлялі, відаць, бацькам у двух словах патлумачылі, што адбываецца.

Пасля нас проста павялі на вуліцу. Мы пасядзелі менш за хвіліну, і нейкі мужчына сказаў нам сесці ў аўтамабіль, які завёз нас у 3-ю гарадскую лякарню.

Нас завялі ў прыёмнае аддзяленне, была вялікая чарга. Мне было цяжка дыхаць. Я не разумеў, што ў мяне моцныя апёкі, у тым ліку і гартані, і апёк твару, і дыхальных шляхоў.

Я выйшаў на вуліцу, і тады прыехалі бацькі. Відаць, нехта паведаміў, а можа і я сам — не памятаю, калі шчыра. Знайшлі яны мяне хутка.

Калі вярнуліся ў прыёмнае, мяне пасадзілі ў вазок і павезлі адразу ў хірургічнае аддзяленне. І там ужо проста паклалі на стол, і без наркозу абрэзалі апаленыя валасы на галаве, даставалі аскепкі, зашывалі ногі.

Праз пару гадзін мяне паклалі ў палату. Я ўсё яшчэ скардзіўся на вока. І толькі ўвечары ўжо прыйшоў афтальмолаг, які сказаў, маўляў, «чаму вы яго тут трымаеце, гэта не слёзы, у яго з вачэй а выцякае шклопадобнае цела». І мяне павезлі на аперацыю.

Я прачнуўся толькі праз дзень, увесь перабінтаваны, як у кіно паказваюць. Мне ставілі кропельніцы. Першыя два тыдні мама карміла мяне з лыжачкі, бо я не мог нармальна рухацца. У асноўным я еў толькі бананы і ёгурт, хоць есці асабліва не хацелася.

Пазней мне зрабілі яшчэ адну аперацыю на вока. У мяне быў пашкоджаны крышталік і кішэнька. Лекары хацелі пакінуць вось гэтую кішэню, у якой захоўвацца крышталік для таго, каб потым зрабіць аперацыю па карэкцыі зроку. Але кішэнька гэтая не прыжылася, цела пачало яе адрынаць. Лекарам давялося яе выдаліць.

Яшчэ мне прабіла наскрозь вуха і за вухам, атрымліваецца, у раёне, дзе вестыбюлярны апарат, затрымаўся яшчэ адзін асколак. Цягам усяго гэтага месяца, што я праляжаў у шпіталі, з нейкай перыядычнасцю з мяне даставалі новыя аскепкі.

У мяне дагэтуль засталося шмат дробных аскепкаў, 95% знаходзяцца ў нагах.

Іх наяўнасць не дазваляе мне, калі будзе неабходна, зрабіць МРТ. Мы размаўлялі з хірургамі і з пластычнымі хірургамі на гэтую тэму, хацелі іх дастаць, але лекары сказалі, што яны настолькі дробныя, што лекары проста развернуць нагу, можа, і дастануць, але потым нагу назад не збяруць.

Праз тры гады мне падшылі штучны крышталік. Натуральна, мой зрок на адно вока - гэта неідэальна. Гэта таксама дае аб сабе знаць, але агулам я проста абвык ужо да гэтага. Гэта значыць, у мяне адно вока працуе за два. Зрок амаль цалкам аднавіўся. Але ёсць астыгматызм і не зусім роўная радужка.

«Шмат хто казаў, што я нарадзіўся ў кашулі»

Я вельмi хутка аднаўляўся дзякуючы сваiм сябрам. Я тады вельмі шмат тусаваўся, у мяне была вялікая кампанія, і сябры ўвесь час прыязджалі. У мяне ў шпіталі былі практычна ўвесь час чэргі, на што скардзіліся і галоўны лекар, і супрацоўнікі лякарні, што ніхто не дае праходу. Але за рахунак гэтага я, мусіць, хутка і аднаўляўся, за рахунак падтрымкі, што я не застаўся адзін.

Шмат хто казаў, што я нарадзіўся ў кашулі. У мяне два аскепкі ў абедзвюх нагах ледзь не перабілі сцегнавыя артэрыі. Я пры гэтым рухаўся, яшчэ дапамагаў хлопцу выйсці... Гэта значыць, мне проста вельмі пашанцавала, як сказалі хірургі. Калі б аскепкі зрушыліся, то мне перабілі б сцегнавыя артэрыі, я б проста сцёк бы крывёй.

Следчы, які мяне курыраваў, таксама сказаў, што мне вельмі пашанцавала: да месца выбуху я не дайшоў 4-4,5 метры. Ён таксама прывёз мне маю торбу, якая засталася на станцыі. Яна вісела ў мяне ў раёне ніжніх рэбраў, селязёнкі, печані, нырак і прыняла ўдар кавалкам лаўкі.

Нам налічылі кампенсацыю, не памятаю ўжо колькі. Памятаю, што было тры ступені ў залежнасці ад таго, хто як пацярпеў.

Першая ступень - самая лёгкая, хто, умоўна, адкараскаўся сінякамі і ўдарамі. Другая ступень - хто пацярпеў крыху мацней. Мой сябар на той момант атрымаў другой ступені кампенсацыю.

Мне выдалі трэцюю, бо я стаў інвалідам. Мне пасля ўсіх аперацый, усіх працэдур паставілі інваліднасць, якую я зняў пасля ў 18 гадоў. Таксама тым, хто загінуў, я ведаю, выплачвалі ў падвойнай суме трэцюю ступень кампенсацыі.

«Народ цалкам пераключыўся, усім было ўжо пляваць на падняцце коштаў»

Многія, натуральна, не вераць у тое, што за выбухам стаяць тыя персанажы, якіх абвінавацілі. Я гэтай версіі прытрымліваюся, але маё меркаванне сыходзіць больш у паліталогію.

У мяне здагадка, што гэта зрабіў урад, бо тады ў нас, наколькі я памятаю, быў вельмі сур'ёзны крызіс, паднімаліся ў геаметрычнай прагрэсіі кошты нават базавых прадуктаў: хлеба, грэчкі, малочнай прадукцыі.

З пункту гледжання паліталогіі, гэта дастаткова пісьменны ход урада для пераключэння ўвагі. Народ цалкам пераключыўся, усім было ўжо пляваць на ўзняцце коштаў і на тое, што ўсё даражэе, і ніхто ўжо не хацеў ні бунт паднімаць, нічога. Гэта маё меркаванне.

Як паўплывала падзея на жыццё

Кардынальна на мне гэтая падзея не адбілася, бо ў мяне ўзрост быў такі. Сваё сямнаццаць гадоў я адзначыў у шпіталі. Потым было проста аднаўленне, звычайнае жыццё падлеткавае.

Так, першыя месяцы два мне нельга было ездзіць на грамадскім транспарце і на аўтамабілі таксама не рэкамендавана, бо маглі разысціся швы на воку. Але сябры прыязджалі, і мы проста гулялі.

З часам я зразумеў, што мне ў нейкай ступені бракуе адрэналіну ў жыцці. Гэта значыць, бывалі перыяды, калі хочацца адчуваць жыццё: схадзіць на тусоўку, скокнуць з тарзанкі, скокнуць з парашутам, зрабіць нешта на грані, каб былі ўсплёскі адрэналіну, — усё гэта было.

З часам, я зразумеў, што гэта ўзаемазвязанае, гэта адбітак перажытага. Гэта значыць, мне хацелася, як любяць казаць адрэналінавыя наркаманы, адчуваць жыццё, смакі і эмоцыі.

Але з часам гэта сцішылася, зараз узнікае хвалямі. Ізноў жа, мне не 17, а хутка будзе 31. Гэта значыць, я да гэтага ўсяго падыходжу больш рацыянальна, чым у юнацтве.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках