FT: Вайсковы бюджэт Пуціна пачаў вычэрпвацца
2- 12.04.2025, 14:26
- 4,830

Праз падзенне коштаў нафты.
Падзенне коштаў нафты, выкліканае гандлёвай вайной прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, пачало знясільваць вайсковы бюджэт расейскага дыктатара Пуціна.
Як указала выданне Financial Times (FT), бюджэт Крамля, блізу траціны якога прыпадае на нафту і газ, можа быць на 2,5% ніжэйшым за чаканы сёлета, калі кошты сырой нафты застануцца на цяперашнім узроўні. Гэта прымусіць Крэмль павялічыць запазычанні, скараціць невайсковыя выдаткі або пусціць у ход астатнія рэзервы.
Сярэдні кошт нафты маркі Urals, асноўны экспартны гатунак РФ, абрынуўся да самага нізкага ўзроўню амаль за два гады. Паводле інфармацыі коштавага агенцтва Argus, у чацвер нафта маркі Urals таргавалася прыкладна па $50 за барэль, а ўлады РФ спланавалі бюджэт на 2025 год, зыходзячы з цаны $69,70 за барэль нафты маркі Urals.
«Падзенне коштаў узмацняе ціск на расейскую эканоміку, якая, як чакаецца, замарудзіцца сёлета пасля выдаткаў, звязаных з вайной», - адзначыла выданне.
Журналісты паведамілі, што РФ ужо выдаткавала частку фонду дабрабыту для падтрымкі эканомікі пасля наступстваў поўнамаштабнага ўварвання Пуціна ва Украіну, а астатнія сродкі імкліва скарачаюцца.
У РФ ужо прызналі, што сітуацыя з коштамі нафты дрэнна адаб'ецца на эканоміцы краіны. «Гэты паказчык вельмі важны для нас з пункту гледжання даходаў бюджэту...Сітуацыя вельмі нестабільная, напружаная», – заявіў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Выданне адзначыла, што гэты зрух таксама паказаў, як тарыфная вайна Трампа ўскосна прычыняе шкоду эканоміцы РФ, нягледзячы на спробы амерыканскага прэзідэнта наладзіць стасункі з Крамлём.
Кіраўніца Цэнтрабанка Расеі Эльвіра Набіуліна папярэдзіла, што «калі гандлёвыя войны працягнуцца», то яны прывядуць да «зніжэння попыту на наш экспарт энэрганосьбітаў».
FT адзначыла, што, калі кошты нафты застануцца на існым узроўні, Расея можа страціць блізу трыльёна рублёў сёлета, што эквівалентна 2,5% чаканых даходаў бюджэту. Гэта будзе азначаць падзенне росту ВУП на 0,5%.
Аднак, са слоў Яніса Клюге, эксперта па РФ у Нямецкім інстытуце міжнародных стасункаў і бяспекі, трэба будзе некалькі месяцаў, каб нізкія кошты нафты адбіліся на даходах бюджэту РФ.
Выданне адзначыла, што эканоміка РФ ужо працуе на поўную магутнасць, і чакаецца, што рост дзяржвыдаткаў на вайну супраць Украіны замарудзіцца. Афіцыйныя прагнозы мяркуюць рост на 1-2,5% у 2025 годзе, што ніжэй прыкладна 4% у параўнанні з апошнімі 2 гадамі.
«Гэта робіць малаймаверным, што дзяржава зможа кампенсаваць падзенне даходаў ад нафты за кошт сродкаў з неэнэргетычных крыніц», - прагназуюць журналісты.
З 2020 года ліквідная частка фонду дабрабыту РФ скарацілася на дзве траціны. Са слоў Бенджаміна Хільгенстока, кіраўніка аддзела макраэканамічных даследаванняў і стратэгіі ў Інстытуце Кіеўскай школы эканомікі, калі яе выкарыстоўваць для кампенсацыі росту дэфіцыту бюджэту, яе можа выстарчыць ненадоўга.
«Ці можа рэжым штосьці з гэтым зрабіць, акрамя балючых скарачэнняў невайсковых выдаткаў - гэта іншае пытанне», - сказаў Хільгенсток.
Эканамісты выказалі здагадку, што ўсякія скарачэнні, імаверна, прыпадуць на невайсковыя бюджэтныя сферы.
Са слоў Алега Кузьміна, галоўнага эканаміста Renaissance Capital, калі кошт нафты стабілізуецца на вельмі нізкім узроўні, Расеі давядзецца абкласці экспартныя кампаніі вялікім падаткам, каб кампенсаваць частку зніжэння даходаў.
Масква таксама можа паспрабаваць прыцягнуць больш пазык на міжнародных рынках, паколькі яе дзяржпазыка цяпер складае менш за 30% ВУП, што з'яўляецца нізкім узроўнем паводле міжнародных стандартаў. Але для многіх замежных інвестараў расейскія аблігацыі застаюцца таксічнымі.
Унутры краіны банкі былі сканцэнтраваныя на крэдытаванні прыватнага сектара і не праяўлялі асаблівай цікавасці да фінансавання дэфіцыту, сказаў Хільгеншток, які чакаў сур'ёзных абмежаванняў для расейскай эканомікі, але не раптоўнага краху.