Названыя краіны ЕЗ з самымі высокімі мінімальнымі заробкамі
3- 12.04.2025, 15:26
- 6,994

Хто ў лідарах?
Статыстычная служба Еўразвязу (Еўрастат) падала абноўленыя звесткі аб суме мінімальнага заробку ў дзяржавах ЕЗ. Увагу на публікацыю звярнуў Myfin.by.
На 1 студзеня 2025 года ў 22 з 27 краін ЕЗ устаноўлены нацыянальныя сумы мінімалкі, за выключэннем Даніі, Італіі, Аўстрыі, Фінляндыі і Швэцыі. Як удакладнілі ў Еўрастаце, мінімальны заробак - гэта сума да выліку падаходнага падатку і ўнёскаў у фонд сацыяльнага страхавання.
Самы высокі мінімальны заробак зафіксаваны ў наступных краінах Еўразвязу:
Люксембург (2638 еўраў),
Ірландыя (2282),
Нідэрланды (2193),
Нямеччына (2161),
Бельгія (2070).
У Францыі паказчык склаў 1802, у Гішпаніі - 1381, у Польшчы - 1091, у Літве - 1038, у Партугаліі - 1015.
У студзені 2025 года ў 10 краінах ЕЗ мінімальны заробак складаў менш за 1000 еўраў за месяц.
Нагадаем, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 10 снежня 2024 г. №935 з 1 студзеня 2025 года ў Беларусі месячны мінімальны заробак устаноўлены ў суме 726 рублёў (195,68 еўра курсам на 12 красавіка).