У Беларусі плануюць унесці змены ў Працоўны кодэкс
3- 12.04.2025, 15:56
- 7,282

Яны закрануць і кантракты.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала, якія папраўкі рыхтуюцца ў Працоўны кодэкс Беларусі. У інтэрв'ю парталу 1prof.by яна падкрэсліла, што ў сучасных умовах асноўная патрэбнасць рынку працы - гэта кадры. Каб працадаўцы нібыта маглі больш гнутка і эфектыўна наймаць супрацоўнікаў, плануецца перагледзець некаторыя палажэнні працоўнага заканадаўства.
Адным з ключавых кірункаў стане кантрактная форма найму. Цяпер кантракт, паводле дзейных нормаў, у шэрагу выпадкаў можна падоўжыць толькі на год, нават калі абодва бакі хочуць падаўжэння на большы тэрмін — напрыклад, на тры гады.
Плануецца, што новая рэдакцыя Працоўнага кодэкса нібыта дасць магчымасць падпісаць і прадаўжаць кантракты на больш гнуткіх умовах, без жорсткіх рамак.
Яшчэ адна важная змена датычыцца падмены працоўных дамоваў цывільна-прававымі. Такая практыка, са слоў міністра, выкарыстоўваецца для зніжэння сацыяльных абавязацельстваў працадаўцы перад работнікам. У выніку супрацоўнікі пазбаўляюцца адпачынку, бальнічных і іншых належных паводле Працоўнага кодэксу гарантый.
Таксама ў Працоўным кодэксе маюць намер замацаваць інстытут настаўніцтва. Цяпер гэта форма работы з маладымі спецыялістамі не рэгулюецца законам, і кожная арганізацыя разглядае пытанне індывідуальна, прапісваючы яго ў лакальных дакументах.
- Мы мяркуем, што наспела неабходнасць дакладна прапісаць гэтую норму ў Працоўным кодэксе, - заявіла Наталля Паўлючэнка.
Пакуль канкрэтныя тэрміны прыняцця змен не называюцца, але работа па падрыхтоўцы паправак ужо вядзецца.