«Не спраўляюцца ні навукоўцы, ні рыбакі, але і не здаюцца»
8- 12.04.2025, 20:37
- 28,418

Беларусы вёдрамі ловяць «амерыканца», які распаўсюдзіўся ў вадаёмах.
Амерыканскі сомік (Ameiurus nebulosus) стаў сапраўдным пракляццем ракі Мухавец і многіх азёраў Берасцейскай вобласці. Справіцца з гэтай пошасцю не пад сілу ні навукоўцам, ні рыбаловам, але апошнія не здаюцца, паведамляе сайт fishingby.com.
З пацяпленнем для многіх берасцейскіх рыбакоў няпрошаны амерыканскі госць стаў асноўнай рыбай ва ўловах. І хоць сомік не можа пахваліцца буйным памерам, колькасць ахвотнікаў парыбачыць на яго павялічваецца з кожным годам. Уся рэч у значным росце колькасці гэтай рыбы і яе непераборлівасці. «Амерыканец» выдатна ловіцца на звычайнага чарвяка і многія іншыя прынады жывёльнага паходжання, галоўнае – знайсці месца яго збору на вадаёме.

Падчас нядоўгай рыбалкі 4 красавіка на возеры Лукава рыбалоў Уладзімір Пархоц налавіў цэлае вядро сомікаў.
«Днямі з 17-й да цемры прайшоўся па інвазіўнай рыбе. Спачатку браў нядрэнна і нармальнага памеру, а з надыходам змяркання пайшла дробязь. Трохі я яго шэрагі прарэдзіў», – расказаў Уладзімір пра гэтую рыбалку.
Паводле словаў берасцейскіх аматараў рыбнай лоўлі, цяпер на амерыканскага соміка рыбачаць не толькі мясцовыя жыхары, але і рыбакі з іншых абласцей Беларусі. Паколькі норма лоўлі на ягоную здабычу не ўстаноўленая, то многія ловяць літаральна вёдрамі.
Сомік хоць і малы, але добры ў смажаным і вэнджаным выглядзе, так што гэтае «дабро» ў дасведчаных рыбакоў не прападае.
Рыбалка на амерыканскага соміка не толькі цікавая, але і прыносіць значную карысць беларускай прыродзе, дапамагаючы стрымліваць рост папуляцыі няпрошанага госця.
