Што за колькі на менскай Камароўцы ў гэтыя выходныя
2- 12.04.2025, 18:13
- 2,490

З'явілася першая фермерская гародніна.
Асартымент свежай прадукцыі на Камароўскім рынку Менска цяпер не так радуе, як у цёплы час года. Аднак на прылаўках ужо з'яўляюцца прадвеснікі сапраўднай вясны – гародніна новага ўраджаю ад беларускіх фермераў. З якімі коштамі прадаюць іх у выходныя, 12 і 13 красавіка, паглядзелі «Менск-Навіны».
Першымі кідаюцца ў вочы прылаўкі з бадзёрымі і яркімі пучкамі радыскі і цыбулі, якіх з кожным тыднем становіцца ўсё больш. Нягледзячы на маразы апошняга тыдня, айчынныя вытворцы збіраюць ураджай, вырашчаны ў цяпліцах Столінскага раёна. Кошты пакуль трымаюцца на ўзроўні восеньскіх. Пучок радыскі абыдзецца за 5 рублёў, а 100 г зялёнай цыбулі – усяго за рубель. Іншая зеляніна на рынку каштуе крыху даражэй. За 100 г салаты, кропу і пятрушкі давядзецца заплаціць 1,5–2 рублі, кінзы, шпінату і рукалы – 2,5.
Цэтлік на агуркі прыкладна аднолькавы ў многіх прадаўцоў: на большасці пунктаў і пупырчатыя караткаплодныя, і гладкія сярэдняплодныя адвешваюць за 7,50–7,56 рубля, хоць ёсць і на рубель танней. А вось прайс на таматы моцна адрозніваецца ў залежнасці ад гатунку і краіны імпарту. Невялікія кактэйльныя адвешваюць за 10,90, а за ружовыя і жоўтыя азербайджанскія давядзецца раскашэліцца на 24–25 рублёў, самыя танныя – 5,9. Перац у сярэднім каштуе 10–12 рублёў. Ёсць і ранняя капуста, праўда, пакуль імпартная – 7,50 за кг. Затое кошты баклажанаў і цукіні на парадак выгоднейшыя за крамныя – 6, 90 за кіло, салера і яшчэ таннейшая – 3,90.

Пакуль якасць і памер бульбы ў гіпермаркетах вымушае жадаць лепшага, на галоўным рынку сталіцы ніякага дэфіцыту не назіраецца. Улюбёную гародніну беларусаў прапануюць у мностве гатункаў, з коштам 1–4 рублі за кіло. Аналагічна ідуць справы з іншай гароднінай: цыбуля ад 1,5 рубля, морква і буракі ў сярэднім за 3.

На прылаўку з грыбамі сярод звыклых шампіньёнаў і вешанак выяўляю багатых на вітаміны азіяцкіх «гасцей» – шыітаке, энакі і эрынгі. Якія толькі ўласцівасці ім не прыпісваюць: дапамагаюць змагацца са стрэсам і стомленасцю, умацоўваюць сэрца і сасуды, паляпшаюць страваванне і нават блакуюць рост клетак раку. Аднак кошт імпартных суперфудаў дэмакратычным не назавеш – 35 рублёў за 1 кг.
– Шыітаке вырошчваюць пад Лідай, а энакі і эрынгі прывозім з Расеі. Гэта эксклюзіўны варыянт: хто ведае пра іх карысць, той бярэ, – каментуе прадавец.
Аматарам свежых ягадаў таксама давядзецца раскашэліцца: клубніцы сёння каштуюць 18,90 рубля за кг, дурніцы – і зусім 99. Бюджэтна набыць можна хіба што леташнія журавіны – за самыя непрывабныя просяць усяго 5 рублёў.

Апельсіны прадаюць за 7,90 рубля, чырвоныя пры гэтым амаль удвая даражэйшыя, за 12,90. Бананы – ад 5, сакавітыя яблыкі – за 4,20 або за 5,50 у залежнасці ад гатунку. Грушы – ад 6,90. Рэшткі хурмы можна ўзяць за 3,90. Буйныя гронкі вінаграду і каштуюць важка – ад 12 да 24,90 у залежнасці ад гатунку. Грэйпфруты можна адшукаць за 5,5, гранат – ад 7,9 да 15 рублёў. Цэтлік на экзатычную жоўтую і чырвоную пітахаю – 10–15 рублёў за штуку, плод манга – 10. Практычна столькі ж, 9,90 рубля, каштуе кіло кавуна.

Сезон рынкавых тульпанаў, відаць, скончыўся, і напярэдадні Радаўніцы значную частку сезоннага рынку занялі стэлажы са штучнымі кветкамі. Кошты пластыкавых захаваліся на ўзроўні мінулага года: самыя танныя букеты вам прададуць за 2,5 рубля, самыя дарагія – за 40. Сярод кветкавай класікі – ружаў, гваздзікоў і хрызантэмаў – трапляюцца архідэі, лілеі і нават экзатычныя ранункулюсы.