На БЧ зноў неспакойна
5- 12.04.2025, 19:31
- 10,520

Бяспека ўсяго чыгуначнага комплексу Беларусі - пад пытаннем.
Як мінімум на адным з аддзяленняў БЧ - Менскім (НОД-1) - супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі праводзяцца мерапрыемствы канфіскацыі ў вызначанага кола службовых асоб, а таксама асабістых мабільных тэлефонаў з мэтай правядзення «праверачных мерапрыемстваў», паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Тэлефоны адбіраюць, як правіла, у начальнікаў станцый і іх намеснікаў. У адных выпадках прылады вязуцца для наступнай выгрузкі звестак, у іншых - праверка абмяжоўваецца аглядам на працоўным месцы без вымання інфармацыі. Для вымання звестак і наступнага аналізу выкарыстоўваюцца крыміналістычныя прылады, такія як Cellebrite і аналагічныя праграмна-апаратныя комплексы. Калі ў выніку праверкі парушэнняў не выяўляецца, тэлефоны вяртаюцца ўладальнікам на працягу аднаго-двух дзён.
Падобныя праверкі тэлефонаў працаўнікоў БЧ супрацоўнікамі КДБ праводзяцца на ўсіх аддзяленнях, аднак цяпер на НОД-1 яны набылі найбольшы размах. У гэтых "мерапрыемствах" актыўна бяруць удзел, а ў некаторых выпадках і кіруюць імі так званыя намеснікі начальнікаў аддзяленняў чыгункі ў бяспечным функцыянаванні прадпрыемстваў. Гэтыя пасады былі ўведзеныя фактычна на ўсіх прадпрыемствах, і на іх набіралі выключна выхадцаў з сілавых структураў Беларусі – пераважна з КДБ.
Відавочна, што гэтае мерапрыемства накіраванае не на гарантаванне бяспекі - напрыклад, праверку наяўнасці патэнцыйна шкоднаснага праграмнага забеспячэння, - а на выяўленне нелаяльных супрацоўнікаў або тых, хто з неасцярожнасці быў датычны да кампраметавальнай перапіскі або перачытваў забароненыя ў краіне інфармацыйныя рэсурсы.
Так, напрыклад, аднаго з начальнікаў станцыі НОД-1 ужо адхілілі ад пасады, а ў будучыні і зусім звольняць — толькі за тое, што яшчэ ў далёкім 2020 годзе ён пераслаў у мэсэнджэры фатаграфію, якая тычыцца падзей таго года. Пры гэтым дакладна вядома, што перасланая выява ніякім чынам не ўплывала ні на бяспеку чыгункі, ні тым больш на бяспеку краіны.
Пры такіх праверках тэлефонаў супрацоўнікі КДБ надаюць увагу падпіскам у сацыяльных сетках і асабістым перапіскам. З асаблівай прыхільнасцю правяраюцца месэнджэры, зарэгістраваныя не на нумары беларускіх аператараў-правайдэраў. Старанна вывучаецца гісторыя пошуку ў інтэрнэце. Дадаткова правяраюцца званкі з/на замежныя нумары, што ў гэтым выпадку служыць абцяжваючай акалічнасцю для правяраемага, бо ставіць яго пад падазрэнне ў супрацоўніцтве з «варожымі» Беларусі замежнымі дзяржавамі. І гэта нягледзячы на тое, што многія чыгуначнікі ў сілу асаблівасцей сваёй дзейнасці вымушаны весці аператыўнае ўзаемадзеянне з калегамі, а таксама з кліентамі з чыгуначных адміністрацый суседніх краін, у тым ліку і краін ЕЗ.
Дадаткова, калі падчас такой праверкі ўстанаўліваюцца хоць найменшае дачыненне работніка да падзей 2020 года, супрацоўнікі КДБ ініцыююць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў аб устанаўленні яго датычнасці да «экстрэмісцкай дзейнасці». З гэтай мэтай чыгуначнікаў прымушаюць праходзіць працэдуру, такую як даследаванне на паліграфе. Пры гэтым правядзенне праверак з выкарыстаннем «дэтэктара хлусні» не афішуюць адкрыта. Адмова ад праходжання паліграфа нясе для працаўнікоў зразумелыя наступствы.
Чым выклікана такая актыўнасць асноўнай спецслужбы Беларусі - КДБ? Фактычна, такім чынам працягваюцца чысткі непажаданых і нелаяльных супрацоўнікаў, асабліва тых, хто займае кіроўныя пасады. Акрамя таго, такім чынам спрабуюць спыніць усялякі выцек інфармацыі праз працаўнікоў БЧ. Адным з меркаваных матываў усплёску новай хвалі «палявання на ведзьмаў», якая пачалася кропкава (у дачыненні да канкрэтных работнікаў) у лютым і набыла масавы характар у канцы сакавіка, можа быць элементарная помста з боку КДБ. Паводле адной з версій, такім чынам помсцяць за абнародаванне звестак аб перавозцы пэўнай катэгорыі грузаў пры задзейнічанні БЧ - украінскага рапсу і рапсавага алею.
Раскрыццё названай схемы выклікала ў задзейнічаных у «схематозе» супрацоўнікаў КДБ шал абурэння і імкненне адпомсціць тым, хто, на іх думку, мог быць крыніцай інфармацыі для незалежных расследавальнікаў.
Відавочна менавіта з-за гэтага верагодна-гіпатэтычнага аспекту чыгуначнікі, якім не пашчасціла праз іх службовыя абавязкаў быць прысвечанымі ў гэтыя злачынныя дзеянні беларускіх «ахоўнікаў закона», зазнала праверачна-рэпрэсіўныя мерапрыемствы, мэтай якіх было выяўленне асоб, «якія злілі» гэтую «сапраўды сакрэтную» інфармацыю пра іх незаконную дзейнасць.
Адзначым, што супрацоўнікі КДБ, выявіўшы прыкметы нелаяльнасці ў работнікаў БЧ да дзейнай улады, якія выяўляюцца, у асноўным, у выпадкова не выдаленых фатаграфіях або перапісцы больш чым чатырохгадовай даўніны, указваюць кіраўнікам неаспрэчную неабходнасць звальнення такіх супрацоўнікаў пад любой падставай. Тым самым ствараецца брак, а часам і востры дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, што значна ўплывае на ўстойлівасць і нават бяспеку ўсяго чыгуначнага комплексу Беларусі.
Даведачна: зараз на працоўныя спецыяльнасці чыгункі прымаюць толькі паводле адной прыкметы — лаяльнасць да існага рэжыму, не звяртаючы ўвагі на кваліфікацыю. Праверкі кандыдатаў праводзяцца праз структуры КДБ і МУС Беларусі і займаюць аж да 2 месяцаў.