У Расеі расказалі, дзе ў Беларусі можа з'явіцца другая АЭС
24- 13.04.2025, 16:00
- 26,172

Стала вядома, якія рэгіёны разглядаюць.
Разглядаюцца два месцы для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі – дадатковы блок БелАЭС у Астраўцы і новая АЭС у Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў РІА Новости дырэктар другога дэпартамента краін СНД МЗС Расеі Аляксей Палішчук.
«Беларускія партнёры зацікаўленыя ў прдаўжэнні супрацоўніцтва з Расеяй у сферы атамнай энэргетыкі, - паведаміў ён. — Цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі альбо дадатковага, трэцяга, энэргаблока ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, альбо новай двухблочнай АЭС у Магілёўскай вобласці».
Ён таксама адзначыў, што работа па тэхніка-эканамічным абгрунтаванні будаўніцтва другой АЭС у Беларусі павінна быць скончаная да сярэдзіны года.
Нагадаем, у канцы сакавіка ў Мінэнэрга нашай краіны заяўлялі, што вядзецца падрыхтоўка да тэхнічных перамоў з Расеяй аб будаўніцтве ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі.
Лукашэнка на перамовах з Пуціным у Крамлі 13 сакавіка папрасіў, каб «Расатам» пабудаваў у Беларусі яшчэ адну АЭС.
Такую ідэю Лукашэнка агучваў і раней. Нядаўна ён загаварыў пра гэта падчас наведвання Менскага тэхнапарку.