Пад Гародняй «адпрацоўваюць» ваеннае становішча
14- 13.04.2025, 14:39
- 4,636

Пачынаецца вучэнне з «апалчэннем» і артылерыяй.
З 13 да 15 красавіка ў Гарадзенскім раёне пройдзе камандна-штабное вучэнне. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Паводле інфармацыі ведамства, да вучэння падключылі вайсковаабавязаных, прызваных з запасу, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама добраахвотнікаў народнага апалчэння.
«Мэты вучэння – удасканаленне навыкаў афіцэраў у кіраўніцтве падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны і навучанне асабовага складу зладжаным дзеянням пры развязанні задач тэрытарыяльнай абароны», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Мінабароны.
У планах — адпрацаваць пытанні аховы і абароны аб'ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбы з дыверсійна-выведвальнымі групамі супраціўніка, забеспячэння захадаў ваеннага становішча, у тым ліку з удзелам народнага апалчэння.
Сярод задач запланаваная і такая — «знішчэнне дыверсійна-выведвальных груп умоўнага супраціўніка». Для яе падраздзяленні тэрытарыяльных войск збіраюцца ўзмацніць артылерыйскімі падраздзяленнямі.