Знакамітая гомельская фабрыка «8 сакавіка» знаходзіцца пад пагрозай банкруцтва
4- 13.04.2025, 21:04
- 4,526

Фабрыка скончыла год з чыстай стратай.
Знакамітая гомельская фабрыка ААТ "8 Сакавіка" скончыла год з чыстай стратай. Аб гэтым піша выданне «Флагшток», якое на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з крыніцай, дасведчанай аб бягучым становішчы спраў на прадпрыемстве.
Фабрыка "8 сакавіка" займаецца поўным цыклам вытворчасці трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў. У сярэднім выпускае больш за два мільёны адзінак прадукцыі за год.
"Кіраўніцтва абяцала падняць заробак яшчэ ў канцы 2024 года. У выніку - нічога не паднялі. А тыя заробкі, што былі, пачалі выплачваць здзекліва - часткамі. Выплату могуць разбіць на пяць асобных пераводаў: у адзін дзень прыйшло 200 рублёў, праз тры дні — яшчэ 100", — распавяла крыніца выдання.
З ягоных слоў, прадпрыемства загружана толькі часткова - "паўдня работнікі могуць спакойна займацца сваімі справамі або сядзець у тэлефонах". У сувязі з гэтым выплачваецца мінімальны заробак: калі пры працаўладкаванні швачак абяцаюць да 1 400 рублёў, то на справе яна атрымлівае не больш за 900.
"Флагшток" таксама вывучыў справаздачу аб прыбытку і стратах за 2024 год, апублікаваную прадпрыемствам.
Паводле вынікаў года тэкстыльшчыкі завяршылі 2024-ы з чыстай стратай у 814 тысяч рублёў. Гэта працяг негатыўнай дынамікі: з 2020 да 2022 года фабрыка назапасіла страт на 26 мільёнаў рублёў. Выключэннем стаў толькі 2023 год - тады прадпрыемства паказала чысты прыбытак амаль у 15 мільёнаў рублёў.
Незалежныя аўдытары б'юць трывогу - прадпрыемству пагражае банкруцтва. Экспэрты сумняваюцца, што прадпрыемства, на якім працуе больш за тысячу чалавек, зможа далей бесперапынна функцыянаваць:
"Каэфіцыент забяспечанасці абавязанняў маёмасцю, а таксама каэфіцыент пратэрмінаваных абавязанняў на канец 2024 года перавышаюць нарматыўныя значэнні. Гэта сведчыць аб крытычным узроўні рызыкі наступлення банкруцтва".
Аб пагрозе банкруцтва фабрыкі паведамлялася і паводле вынікаў аўдытарскай праверкі ў 2022 годзе.