15 красавiка 2025, aўторак, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Драздах трэці год прадаюць дом, які належаў экс-ахоўніку Лукашэнкі

5
У Драздах трэці год прадаюць дом, які належаў экс-ахоўніку Лукашэнкі

Колькі просяць за жытло.

У Драздах у Менску трэці год спрабуюць прадаць недабудаваны катэдж, які як мінімум да сярэдзіны 2021 года належаў Андрэю Уцюрыну. Не выключана, што нерухомасць і зараз лічыцца за ім. Гэты мужчына раней быў намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі і кіраўніком Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. У 2020-м Уцюрына асудзілі за карупцыю на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У 2024-м з'явілася інфармацыя, што мужчына мог быць памілаваны Лукашэнкам.

Выстаўлены на продаж недабуд знаходзіцца на вуліцы Вербнай. Яго спрабуюць збыць як мінімум з канца лютага 2023-га, тады кошт быў 1 млн 450 тысяч долараў. У ліпені таго ж года кошт зніжалі да 1,3 млн. А ў лістападзе 2024-га паднялі да 1,4 млн даляраў, столькі за нерухомасць просяць і цяпер. Калі ў рублях, то гэта амаль 4,4 млн., піша «Зеркало».

Агульная плошча дома складае 590 «квадратаў», вышыня столяў - ад 3,62 да 5 метраў. Усе камунікацыі ў доме цэнтральныя.

Праектам прадугледжаны тры паверхі: цокальны і два надземныя. У «цокалі» з асобным уваходам планавалася арганізаваць пакой адпачынку плошчай 69 м2, спартыўную залу на 19 «квадратаў», пральню, санвузел, саўну, камору, тэхнічнае памяшканне.

На першым паверсе планавалася гасцёўня амаль на 60 «квадратаў», кухня-сталовая, гасцявы пакой, гардэробная, веранда, гараж на два аўто, два санвузлы, кацельня. На другім паверсе павінны былі быць чатыры пакоі (некаторыя з іх з санвузламі і гардэробнымі) і пакой адпачынку.

Пляц пад домам займае 15 сотак.

Хто такі Андрэй Уцюрын

Андрэй Уцюрын узначаліў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнку ў 2007 годзе і кіраваў ёю сем гадоў. У верасні 2014-га Лукашэнка вызваліў Уцюрына ад пасады і прызначыў намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі.

Увесну 2019 года яго затрымалі ў момант атрымання хабару ад расейскага бізнэсоўца. Пазней Лукашэнка паведаміў, што Уцюрын «трапіў пад прыцэл» спецслужбаў, калі яшчэ знаходзіўся на пасадзе начальніка Службы бяспекі самога дыктатара.

Суд над Уцюрыным праходзіў з красавіка да ліпеня 2020 года. Яго (кавалера ордэна «За службу Радзіме» і ўладальніка медаля «За бездакорную службу») прызналі вінаватым у атрыманні хабараў на агульную суму 192 тысячы даляраў. Такія грошы яму плацілі за лабіяванне інтарэсаў пры пастаўцы тэлекамунікацыйнага абсталявання для ДВП МУС, сярод іншага для турмы № 8 у Жодзіна.

У 2020 годзе tut.by пісаў, што пляц для будаўніцтва дома ў Менску Уцюрын атрымаў у снежні 2011 года. У судзе ён расказваў, што ўзводзіў нерухомасць вельмі доўга, грошай не ставала. А грошы, якія яму перадаваліся прадстаўнікамі камерцыйных структур, былі не хабарамі, а пазыкамі на будаўніцтва дома. Таксама ён атрымаў крэдыт у «Беларусбанку».

Уцюрына прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пазбавілі рангу палкоўніка. Пакаранне былы высокапастаўлены сілавік адбывае ў калоніі ў гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці.

Агулам паводле «справы Уцюрына» асудзілі 16 чалавек. Сярод іх - чыноўнікі Міністэрства фінансаў, а таксама мэнэджары Нацбанка, «БПС-Сбербанка», «Беларусбанка», кіраўнік «Белтэлекама», прадстаўнікі камерцыйных структур. Акрамя таго, тэрміны атрымалі расейскія бізнэсоўцы, якія давалі хабары. Усяго ў датычных канфіскавалі больш за 1,65 мільёна даляраў.

У 2024 годзе з'явілася інфармацыя, што Аляксандр Лукашэнка мог памілаваць былога кіраўніка сваёй службы бяспекі і сакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках