Зяленскі: Пры адміністрацыі Трампа дапамога ЗША Украіне практычна спынілася
10- 14.04.2025, 11:51
- 7,100

Украіна таксама не атрымала сістэмы Patriot, аб пастаўцы якіх было абвешчана на саміце NATO.
Без падтрымкі Злучаных Штатаў Украіна будзе несці вялікія страты, чалавечыя і тэрытарыяльныя, і зараз дапамога практычна спынілася.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у эфіры CBS News у інтэрв'ю праграме 60 Minutes, адказваючы на пытанне, ці магла б Украіна абысціся без ЗША.
«Я думаю, што без Злучаных Штатаў мы панясём вялікія страты. Чалавечыя і тэрытарыяльныя. Таму я не хацеў бы пра гэта думаць. Але гэта наш лёс, наша зямля, наша жыццё. Так ці інакш, мы скончым гэтую вайну», - падкрэсліў прэзідэнт Украіны ў інтэрв'ю, стэнаграму якога апублікаваў тэлеканал.
Зяленскі таксама паведаміў, што ЗША выдалі на дапамогу Украіне амаль $175 мільярдаў.
«Прыкладна $ 100 мільярдаў з іх - вайсковая дапамога, большая частка якой была выдаткавана ў ЗША на вытворчасць амерыканскай зброі», - удакладніў украінскі лідар.
Журналіст спытаў у прэзідэнта Зяленскага, што, на ягоную думку, народ Амерыкі атрымаў за гэтыя грошы.
«Мы заўсёды верылі, што гэта наша агульная барацьба, што Украіна абараняе нашы агульныя каштоўнасці, што мы абараняем Еўропу», - цытуе CBS адказ прэзідэнта Украіны.
Зяленскі таксама падзякаваў народу Амерыкі за яго моцную падтрымку, але падкрэсліў, што «людзі, якія паміраюць цяпер, пры ўсёй павазе да ЗША і Еўропы, тыя, хто памірае цяпер, - гэта ўкраінцы».
«Вось чаму я кажу, што, даючы нам зброю, іншыя краіны абараняюць свой уласны народ. Але за адміністрацыяй Трампа дапамога ЗША практычна спынілася», - сказаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны ўказаў, што ў сакавіку Белы дом абвясціў аб частковым спыненні агню ў вайне Расеі супраць Украіны, аднак гэтага так і не адбылося.
Зяленскі падкрэсліў, што расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну нельга давяраць і дадаў, што ён «шмат разоў» казаў пра гэта Дональду Трампу.
«Так што, калі вы пытаецеся, чаму рэжым спынення агню не працуе - вось чаму. Пуцін ніколі не хацеў заканчэння вайны», - заявіў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі дадаў, што Пуцін імкнецца поўнасцю знішчыць суверэнітэт Украіны і яе народ.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што Украіна так і не атрымала дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot, аб пастаўцы якіх дамовіліся падчас юбілейнага саміту NATO ў Вашынгтоне.
«Шчыра, я не разумею чаму мы не можам дамовіцца аб дадатковых сістэмах Patriot. Тым больш, што дамоўленасць такая на саміце NATO ў Вашынгтоне, на юбілейным саміце, была. Мы так і не атрымалі гэтыя дадатковыя сыстэмы Patriot. Я паважаю выбар Злучаных Штатаў Амерыкі, але калі ЗША такія сістэмы нам не далі ці не прадалі, мы гатовыя на ўсялякі фармат», - заявіў ён.
Са слоў украінскага прэзідэнта, у гэтай сітуацыі пытанне не ў грошах. Зяленскі дадаў, што некаторыя еўрапейскія партнёры гатовы дапамагаць Украіне фінансава, каб атрымаць прыдатныя дарагія сістэмы.