Reuters: Міністры ЕЗ ухвалілі санкцыі супраць Ірана
2- 14.04.2025, 17:41
- 2,880

У сувязі з затрыманнем грамадзян Еўразвязу.
Міністры замежных спраў Еўрапейскага Звязу сёння, 14 красавіка, увялі санкцыі супраць сямі іранскіх фізічных асоб і дзвюх арганізацый у сувязі з затрыманнем грамадзян ЕЗ, што Брусэль расцэньвае як дзяржаўную палітыку захопу закладнікаў, паведамілі дыпламаты.
У спіс санкцый, з якім азнаёмілася агенцтва Reuters, увайшлі дырэктар тэгеранскай турмы Evin, а таксама некалькі суддзяў і іншых працаўнікоў судовай сістэмы. Галоўная турма ў горадзе Шыраз таксама знаходзіцца сярод арганізацый, якія трапілі пад санкцыі.
Санкцыі ў замарожванні ўсіх актываў, якія знаходзяцца ў Еўрапейскім Зввязе, і забароне на ўсе паездкі ў ЕЗ. За апошнія гады Рэвалюцыйная гвардыя Ірана арыштавала дзясяткі чалавек з падвойным грамадзянствам і замежнікаў, у асноўным паводле абвінавачванняў, звязаных са шпіянажам і бяспекай. Сярод іх, сама меней, 20 еўрапейскіх грамадзян, гавораць дыпламаты.
Праваабарончыя групы абвінавацілі Іран у спробе дамагчыся саступак ад краін праз такія арышты, але Іран адмаўляе гэтыя абвінавачванні, паколькі не прызнае падвойнага грамадзянства. Францыя, двое грамадзян якой знаходзяцца ва ўмовах, якія яна назвала падобнымі да катаванняў, узначаліла намаганні, накіраваныя на ўзмацненне ціску на Іран у гэтым пытанні.
«Я рады, што мы можам сёння прыняць гэтыя санкцыі супраць сямі чалавек і дзвюх арганізацый, у тым ліку турму ў горадзе Шыраз. Гэта своечасова, таму што ўмовы, у якіх утрымліваюцца некаторыя нашы землякі - французы і еўрапейцы – нікуды не вартыя», - заявіў журналістам міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро пасля прыбыцця на сустрэчу ЕЗ у Люксембургу.
У рамках намаганняў аб узмацненні ціску на Іран Францыя рыхтуе скаргу ў Міжнародны суд ААН супраць Ірана за парушэнне права на консульскую абарону.