СМІ: Кітай збірае хаўруснікаў для супрацьстаяння гандлёвай вайне Трампа
6- 14.04.2025, 18:28
- 3,974

Пекін надумаў сфармаваць кааліцыю ў супрацьдзеянні мытам.
Кітай перавёў цывільных чыноўнікаў у рэжым «ваеннага становішча», накіраваўшы сваю працу на пабудову кааліцыі ў супрацьдзеянні тарыфам, уведзеным амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам. Пекін кантактуе з шэрагам краін, сярод якіх і даўнія хаўруснікі ЗША.
Пра гэта са спасылкай на чатырох дасведчаных суразмоўцаў паведамляе агенцтва Reuters (пераклад - «Уніян»). Так, чыноўнікам у міністэрствах замежных спраў і гандлю Кітая загадалі скасаваць планы на адпачынак і трымаць мабільныя тэлефоны ўключанымі ўвесь час. Ведамствы, якія займаюцца пытаннямі ЗША, таксама былі ўзмоцненыя - у тым ліку чыноўнікамі, якія працавалі над рэакцыяй Кітая на першы прэзідэнцкі тэрмін Трампа.
Пекін спрабаваў пазбегнуць гандлёвай вайны, некалькі месяцаў кітайскія дыпламаты спрабавалі наладзіць кантакты з адміністрацыяй Трампа, каб абараніць тое, што дзяржаўныя кітайскія СМІ называлі «ўзаемавыгаднымі» гандлёвымі дачыненнямі. Аднак на фоне вялізных мытаў з боку ЗША, Кітай перайшоў ад пошуку пагаднення да ўвядзення мытаў у адказ.
Пекінскія дыпламаты ўзаемадзейнічаюць з урадамі іншых краін, супраць якіх накіраваныя тарыфы Трампа, напрыклад, накіроўваюць лісты з просьбай аб супрацоўніцтве ў некалькі краін, расказалі журналістам субяседнікі. У іх выкладзеная кітайская пазіцыя, а таксама сказана аб неабходнасці шматпалярнасці і аб'яднання намаганняў краін. Паведамленні таксама змяшчалі крытыку палітыкі ЗША, якая пераклікалася з публічнымі заявамі Кітая. Адзначаецца, што былі ўстаноўленыя кантакты з даўнімі хаўруснікамі ЗША ў Еўропе, Японіі і Паўднёвай Карэі.
Да таго ж, Кітай звярнуўся да ўрадаў шэрагу краін G20 з прапановай падпісаць супольную дэкларацыю аб падтрымцы шматбаковай гандлёвай сістэмы. Аб гэтым агенцтву Reuters сказаў дыпламат ЕЗ.
За некаторымі выключэннямі, гандаль таварамі паміж Кітаем і ЗША зараз у асноўным замарожаны. Акрамя таго, Пекін пачынае абмяжоўваць гандаль паслугамі, не раіць сваім грамадзянам наведваць ЗША і абмяжоўвае імпарт амерыканскіх фільмаў.