17 красавiка 2025, Чацвер, 0:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На агародзе ва Ушачах знайшлі сляды старажытнага паселішча

На агародзе ва Ушачах знайшлі сляды старажытнага паселішча

Пасёлак аказаўся больш старажытным на 500 гадоў.

У час руціннага археалагічнага абследавання перад будаўніцтвам газаправода ў самым цэнтры Ушачаў на Віцебшчыне навукоўцы з Інстытута гісторыі НАН Беларусі знайшлі сляды старажытнага паселішча, якое існавала тут яшчэ ў X–XI стагоддзях.

Археолагі знайшлі старажытныя пласты як мінімум X–XI стагоддзяў у самым цэнтры гарпасёлка – за 300 метраў ад райвыканкама. У зямлі знайшлі фрагменты ганчарнай і ляпной керамікі, а таксама бронзавы наканечнік шыйнай грыўны.

Шыйная грыўна – упрыгожванне тыпу абруча з бронзы, срэбра або сплаву, якое насілі на шыі (па-стараславянску – на грыве).

Знаходкі сведчаць, што ў X–XI стагоддзях тут ужо было паселішча, а значыць, гэта перапісвае гісторыю Ушачаў, адзначыў супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў:

– Раней меркавалася, што Ушачы ўпершыню згадваюцца толькі ў XVI стагоддзі ў складзе Полацкага ваяводства. Але цяпер высветлілася, што людзі жылі тут на 500 гадоў раней. Гэта мяняе ўяўленне пра гісторыю засялення гэтых земляў.

Ушачы вядомыя археалагічнымі раскопкамі курганоў, а старажытныя паселішчы заставаліся «за кадрам». Таму, умоўна, можна сказаць, што знайшлі старажытнае селішча ў саміх Ушачах. Пра астатняе можна меркаваць ужо пасля грунтоўных археалагічных раскопак.

Але ці будуць яны, пытанне застаецца адкрытым, сказаў Клімаў:

– Помнік гісторыі знаходзіцца на месцы сучасных агародаў жыхароў райцэнтра. Праз гэта, на жаль, даследаванне можа сутыкнуцца з цяжкасцямі. Але ўжо дакладна можна сказаць, што Ушачы на 500 гадоў старэйшыя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках