ЕЗ падрыхтаваў план адмовы ад нафты і газу з Расеі
3- 15.04.2025, 9:44
- 3,444

Вугоршчына не зможа яго заблакаваць.
Еўрапейская камісія абвесціць падрабязную стратэгію аб паэтапнай адмове ад імпарту расейскай нафты і газу 6 траўня. Публікацыя гэтага плана адкладалася ўжо двойчы.
Пра гэта паведамляе Reuters.
ЕЗ паабяцаў адмовіцца ад расейскага выкапнёвага паліва да 2027 года ў адказ на ўварванне Масквы ва Украіну ў 2022 годзе, аднак "дарожнай карты" таго, як гэта зрабіць, пакуль не было.
Крыніцы ў ЕЗ паведамілі агенцтву Reuters, што затрымкі з падрыхтоўкай плана былі часткова выкліканыя нявызначанасцю з запланаванымі прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам тарыфамі, паколькі гандаль энэрганосьбітамі можа стаць фактарам гандлёвых перамоў паміж ЕЗ і ЗША.
Хаця пастаўкі расейскага трубаправоднага газу рэзка скараціліся з 2022 года, ЕЗ летась павялічыў імпарт расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), і ў 2024 годзе блок па-ранейшаму атрымліваў 19% ад агульнага аб'ёму паставак газу і ЗПГ з Расеі.
У адрозненне ад нафты, ЕЗ не ўвёў санкцыі на імпарт расейскага газу. Поўная адмова ад расейскага газу будзе азначаць павелічэнне закупак ЕЗ у пастаўшчыкоў, у тым ліку ЗША.
ЕЗ заявіў, што разгледзіць магчымасць закупкі большай колькасці ЗПГ у ЗША, а Трамп заявіў, што продаж большай колькасці энэрганосьбітаў у Еўропу стане ключавым кірункам намаганняў ягонай адміністрацыі аб ліквідацыі гандлёвага дэфіцыту з ЕЗ.
Амерыканскі ЗПГ дапамог закрыць расейскі дэфіцыт паставак у Еўропу падчас энэргетычнага крызісу 2022 года. Летась ЗША былі трэцімі паводле велічыні пастаўшчыком газу ў Еўропу пасля Расеі і вядучага пастаўшчыка Нарвэгіі.
План ЕЗ
План будзе ўключаць варыянты скарачэння імпарту расейскіх энэрганосьбітаў. З інфармацыі крыніц Bloomberg, Еўрапейская камісія, магчыма, парэкамендуе выкарыстоўваць гандлёвыя прылады, такія як квоты ці тарыфы.
Хаця санкцыі супраць расейскага газу тэарэтычна былі б наймацнейшым прававым інструментам для спынення імпарту, ЕЗ дагэтуль не прапаноўваў такую меру, паколькі яна не атрымала б неабходнай аднагалоснай падтрымкі на фоне апазіцыі з боку Вугоршчыны і Славакіі. Тарыфы, аднак, могуць быць прынятыя кваліфікаванай большасцю.
«Расейскі трубаправодны газ будзе складана вярнуць у Еўропу, улічваючы палітычнае супрацьдзеянне, а таксама юрыдычныя і тэхнічныя праблемы», – сказаў Джэймс Уодэл, кіраўнік еўрапейскага газавага кірунку і глабальнага ЗПГ у кансалтынгавай кампаніі Energy Aspects Ltd.
Трубаправодны газ з Расеі цяпер задавальняе менш за 5% патрэб Еўропы пасля таго, як большасць асноўных маршрутаў былі перацятыя.