Навукоўцы: Райскі сад з Бібліі мог быць сапраўдным
10- 15.04.2025, 14:29
- 7,718

Дзе на Зямлі можа хавацца Эдэм.
Эдэмскі сад - знакавае месца з Бібліі, якое можна сустрэць у хрысціянстве і юдаізме. Але ці была легенда аб райскім садзе заснаваная на рэальным месцы? І калі так, дык дзе яно можа знаходзіцца?
Аб гэтым піша IFLScience.
У Бібліі гаворыцца, што менавіта ў Эдэмскім садзе былі створаныя людзі. Першыя два чалавекі Адам і Ева жылі ў гэтым раі, пакуль падступны змей і забаронены плод не абярнуліся вялікімі непрыемнасцямі.
Месцазнаходжанне райскага сада было апісанае ў Быцці 2:10–14: «І выходзіла рака з Эдэма для арашэння саду; адтуль падзялялася і стала чатырма галовамі. Імя першай ракі Фісан: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, дзе золата; і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень онікс. Імя другой ракі Гіхон: яна абцякае ўсю зямлю Куш. Імя трэцяй ракі Тыгр: яна цячэ на ўсход ад Асура. А чацвёртая рака - Еўфрат».
Ключавым момантам у гэтым апісанні з'яўляецца тое, што Эдэмскі сад знаходзіўся там, дзе сустракаюцца чатыры рэкі. З іх дзве ракі Тыгр і Еўфрат бяруць пачатак у Турцыі, далей цякуць праз Сірыю і Ірак і ўпадаюць у Персідскую затоку.
Але застаюцца невядомымі яшчэ дзве ракі - Фісан і Гіхон. Доўгі час тэолагі меркавалі, што тут гаворка ідзе пра Ганг у Індыі і Ніл у Егіпце. Але ў такім выпадку, райскі сад павінен быў раскінуцца на вялізную частку Зямлі.
«Як быццам сапраўды жыллё аднаго чалавека распасціралася ад самай аддаленай часткі Азіі да ўскрайку Еўропы», - пісаў вядомы тэолаг XVI стагоддзя Жан Кальвін.
Але калі засяродзіцца на Тыгры і Еўфраце, можна меркаваць, што Эдэмскі сад быў натхнёны вобласцю ў Іраку і Іране, дзе сустракаюцца дзве ракі каля Персідскай затокі. На мяжы Ірана і Ірака ёсць рака пад назвай Шат-эль-Араб, якая ўтвараецца пры зліцці рэк Еўфрат і Тыгр.
Праўда, навукоўцы адзначаюць, што гісторыя пра Эдэмскі сад прасякнутая сімвалізмам, таму немагчыма прааналізаваць яе з рацыянальнага пункту гледжання.
Вядома, псэўдаарэхолагі любяць заяўляць аб тым, што яны знайшлі Эдэм, але такія смелыя «адкрыцці» заўсёды разбураюцца пад пільным аналізам. Часта Эдэмскі сад звязваюць з пірамідамі Гізы ў Егіпце, але такая тэорыя не мае ніякіх археалагічных ці гістарычных довадаў.
Але калі звярнуцца да навукі, і ўзяць да ўвагі тое, што Эдэм сімвалізуе месца паходжання людзей, то несумненна трэба звярнуць увагу на Афрыку.
Калыска чалавецтва знаходзіцца ў Паўднёвай Афрыцы прыкладна ў 50 км на паўночны ўсход ад Ёханэсбургу. У гэтым месцы была знойдзеная найбольшая канцэнтрацыя парэшткаў продкаў чалавека ў свеце. Сярод тысяч знойдзеных тут закамянеласцяў даследчыкі выявілі парэшткі аўстралапітэка, ранняга малпападобнага віду чалавека, узрост якога складае амаль 3,4-3,7 мільёнаў гадоў.
Сучасны Homo sapiens з'явіўся толькі 200-300 тысяч гадоў таму. І зноў Афрыка стала месцам гэтага развіцця, а сучасныя людзі, хутчэй за ўсё, упершыню з'явіліся недзе каля сучаснай Эфіопіі.
Такім чынам, калі мы шукаем навуковы Эдэмскі сад, то, здаецца, Паўднёвая Афрыка і Эфіопія - наш найлепшы выбар. Аднак яшчэ трэба высветліць, ці былі гэтыя месцы калісьці раем.