Польшча рыхтуе адказ на авантуру Лукашэнкі са 150 тысячамі пакістанцаў у Беларусі
66- 16.04.2025, 12:40
- 52,506

Дарадца прэзідэнта Польшчы назваў магчымыя меры.
Дарадца прэзідэнта Польшчы, прэзідэнт Фонду «Інстытут нацыянальнай бяспекі» Станіслаў Жарын заклікаў польскую выведку і контрвыведку падрыхтавацца да магчымага прыбыцця ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў, анансаванаму на мінулым тыдні Аляксандрам Лукашэнкам. Дарадца заклікаў спецслужбы праверыць, у якой ступені заявы беларускага дыктатара могуць быць рэалізаваны ў найбліжэйшай будучыні.
Польскі дарадца папярэдзіў, што «найбліжэйшыя тыдні і месяцы могуць быць вельмі актыўнымі на мяжы з Беларуссю». Жарын у інтэрв'ю парталу Niezalezna.pl заявіў, што польскія памежнікі раней ужо выяўлялі на мяжы з Беларуссю людзей, якія атрымалі ў Беларусі турыстычныя ці студэнцкія візы.
Пагадненне Менска з Ісламабадам, на думку Жарына, можа стаць прычынай «дэстабілізацыі і палярызацыі Польшчы» і ўзмацніць «ціск на мяжу». У сувязі з гэтым польскім спецслужбам, паводле яго слоў, неабходна «ўлічваць усе сцэнары».
Дарадца прэзідэнта Польшчы таксама абвінаваціў Расею ў варожых настроях у дачыненні да Захаду і да самой Польшчы.
«Тое, што адбудзецца ў найбліжэйшыя месяцы, будзе залежаць ад падыходу ЗША да Расеі і дамоўленасцяў, звязаных з вайной ва Украіне. Тэндэнцыя пагаршэння бяспекі ў Еўропе носіць доўгатэрміновы характар, і нам неабходна знайсці на яе адэкватны адказ», - заявіў Жарын.
У ліку такіх адэкватных мер у адказ ён назваў:
далейшую актывізацыю прысутнасці войскаў ЗША ў Польшчы,
умацаванне ўсходняга флангу NАТО і актывізацыя еўрапейскай дапамогі,
узмацненне актыўнасці ў Вашынгтоне.