Адзін з райцэнтраў краіны можа выявіцца на 500 гадоў старэйшым
2- 16.04.2025, 15:25
- 6,294

Але гістарычнаму адкрыццю могуць перашкодзіць агароды беларусаў.
Дзіўную знаходку нядаўна зрабілі беларускія навукоўцы, паведамляе «Точка».
У Віцебскай вобласці падчас руціннага археалагічнага абследавання перад будаўніцтвам газаправода ва Ушачах спецыялісты Інстытута гісторыі НАН знайшлі сляды старажытнага паселішча.

Адбылося гэта ў самым цэнтры мястэчка - за 300 м да райвыканкама.
Археолагі знайшлі старажытныя пласты, якія належаць як мінімум да X–XI стагоддзяў.
У іх знаходзіліся такія гістарычныя артэфакты, як фрагменты ганчарнай і ляпной керамікі, а таксама бронзавы наканечнік шыйнай грыўны.
Усё гэта гаворыць аб тым, што ў X–XI стагоддзях тут ужо было паселішча, гэта значыць уся гісторыя Ушачаў можа быць перапісаная.
«Раней меркавалася, што Ушачы ўпершыню згадваюцца толькі ў XVI стагоддзі ў складзе Полацкага ваяводства. Але цяпер высетлілася, што людзі жылі тут на 500 гадоў раней. Гэта мяняе ўяўленне пра гісторыю засялення гэтых зямель», – упэўнены супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў.
Нечаканая праблема
Зрэшты, рабіць высновы без грунтоўных археалагічных раскопак рана. І вось тут у навукоўцаў могуць узнікнуць непрадбачаныя складанасці.
«Помнік гісторыі знаходзіцца на месцы сучасных агародаў жыхароў райцэнтра. З-за гэтага, на жаль, даследаванне можа сутыкнуцца з цяжкасцямі», – кажа Марат Маркаў.
Пакуль незразумела, ці дазволяць мясцовыя жыхары капаць на сваіх «плантацыях» не бульбу, а старажытны горад.