19 красавiка 2025, Субота, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі анансавалі вяртанне эры дырыжабляў

34
У Расеі анансавалі вяртанне эры дырыжабляў

На фоне крызісу галіны цывільнай авіяцыі.

На фоне крызісу галіны цывільнай авіяцыі праз вайну і санкцый у Расеі загаварылі пра адраджэнне эпохі дырыжабляў, піша The Moscow Times.

Як заявіў прэзідэнт расейскай Міжнароднай асацыяцыі «Звяз авіяцыйнага рухавікабудавання» Віктар Чуйко: «Час іх [дырыжабляў] вяртаецца. У пачатку мінулага стагоддзя яны паднімаліся за кошт вадароду, а ён выбуханебяспечны. Здараліся катастрофы. Дырыжаблі новага часу напаўняюцца геліем. Ён бяспечны. А грузападымальнасць можа дасягаць 200 тонаў. Так, хуткасць невялікая, у межах 100 км/г, але грузу можна перавезці вельмі шмат».

Чуйко нагадаў, што ўлады РФ яшчэ ў канцы 2023 года ўхвалілі праграму распрацоўкі і ўкаранення дырыжабляў. Гаворка ідзе пра прынятую кабмінам змену ў дакумент, прысвечаны плану рэалізацыі Асноваў дзяржпалітыкі РФ у Арктыцы да 2035 года. Згодна з распараджэннем, «Растэх», Мінтранс РФ і Расавіяцыя павінны падрыхтаваць прапановы ў стварэнні дырыжабляў, здольных транспартаваць грузы масай ад 30 да 200 тонаў у цяжкадаступных раёнах Арктычнай зоны.

Амбіцыйныя планы развіцця галіны транспартных дырыжабляў вылучаліся яшчэ ў 2016 годзе. Тады Радай бяспекі РФ і акадэмікам РАН Аляксандрам Некіпелавым быў прэзентаваны транспартна-лагістычны праект «Адзіная Еўразія», у рамках якога планавалася распрацаваць і ўвесці ў эксплуатацыю АТЛАНТы (аэрастатычныя транспартныя лётныя апараты новага тыпу) грузападымальнасцю да 16 тонаў і далёкасцю палёту ад 2 да 5 тыс. км. Яны, паводле задумкі аўтараў, змаглі б забяспечыць грузаплынь паміж Паўночным марскім шляхам і Транссібам.

Меркавалася, што адзін дырыжабль будзе каштаваць да $30 млн і адзін такі аэрастат заменіць пяць гелікаптэраў Мі-8, якія выкарыстоўваліся на Крайняй Поўначы. Кошт усяго праекту стварэння «Атлантаў» ацэньвалі на 3,2 млрд руб. з улікам НДДКР. Яшчэ 8–10 млрд руб. павінна было сысці на будаўніцтва завода для серыйнай вытворчасці паветраных караблёў з магутнасцю ад 1 да 10 машынаў за год.

У траўні 2017 года кіраўнік НВА «Расаэрасістэмы-Аўгур» Генадзь Вярба паведаміў, што арганізацыя распрацавала два тыпы дырыжабляў – «Атлант-30» грузападымальнасцю 15 тонаў і далёкасцю палёту 2 тысячы км і «Атлант-100», які можа паднімаць 60 тонаў грузу. Таксама інжынеры, паводле ягоных словаў, спраектавалі дырыжабль «новага пакалення», якому не патрэбная спецыяльная інфраструктура для пагрузкі-разгрузкі грузаў. Ён таксама адзначыў, што на распрацоўку больш грузападымальнага апарата патрабуецца «некалькі мільярдаў рублёў» і 3–3,5 гады.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках