Трамп: Гарвард прымае на працу радыкальных левых, ідыётаў і пустагаловых
35- 16.04.2025, 18:24
- 10,442

Паводле словаў прэзідэнта ЗША, ва ўніверсітэце «вучаць нянавісці і глупству».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў Гарвардскі ўніверсітэт, сказаўшы, што ён «збіўся са шляху», і заявіў, што ён павінен быць пазбаўлены федэральнага фінансавання. Пра гэта Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Гарвард больш не можа ўважацца за прыстойнае месца навучання і не павінен уваходзіць ні ў адзін спіс найвялікшых універсітэтаў ці каледжаў свету. Гарвард – гэта пасмешышча, у ім вучаць нянавісці і глупству, і ён больш не павінен атрымліваць федэральныя сродкі», – заявіў Трамп.
Паводле словаў прэзідэнта ЗША, Гарвард «прымае на працу радыкальных левых, ідыётаў і пустагаловых, якія здольныя толькі выкладаць няўдачы студэнтам і так званым будучым лідарам».
Раней адміністрацыя Трампа замарозіла вылучэнне Гарварду шматгадовых грантаў памерам $ 2,2 млрд пасля адмовы кіраўніцтва ўніверсітэта падпарадкавацца патрабаванням федэральных чыноўнікаў.
Таксама Гарварду прыгразілі ў выпадку адмовы перагледзець планы фінансавання на $9 млрд. Сюды ўваходзяць $8,7 млрд у выглядзе грантаў і дзейныя кантракты паміж Гарвардам, ягонымі філіяламі і федэральным урадам на $255,6 млн. Пасля гэтага некалькі прафесараў універсітэта падалі на адміністрацыю Трампа ў суд.