Politico: Візіт Мелані ў ЗША можа паўплываць на пазіцыю Трампа аб Украіне
2- 17.04.2025, 11:00
- 3,624

Прэзідэнт ЗША надае вялікае значэнне асабістым стасункам у дыпламатыі.
Еўрапейскія чыноўнікі з трывогай сочаць за візітам прэм'ер-міністаркай Італіі Джорджыі Мелані ў Вашынгтон, дзе ў чацвер яна сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на фоне напружаных гандлёвых перамоў.
Пра гэта піша Politico.
«Нягледзячы на перасцярогі, у Брусэлі прызнаюць, што менавіта Мелані можа стаць ключавым пасярэднікам у паслабленні трансатлантычнага напружання. У той жа час еўрапейскія лідары спадзяюцца, што ў яе атрымаецца пераканаць Трампа пазбегнуць абвастрэння гандлёвага канфлікту, новых тарыфаў, і паўплываць на яго бачанне ўрэгулявання вайны паміж Расеяй і Украінай», - гаворыцца ў матэрыяле.
Як зазначае выданне, Мелані, якая мае шчыльныя сувязі з італьянскімі правымі коламі, у той жа час праявіла здольнасць да канструктыўнага супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі. Аналітыкі мяркуюць, што яна валодае ўнікальнай пазіцыяй, якая дазваляе ёй наладзіць дыялог з Трампам ад імя як Італіі, так і шырэйшай еўрапейскай супольнасці.
«У Брусэлі і іншых еўрапейскіх сталіцах вельмі нярвуюцца з-за таго, што спрабуе зрабіць Мелоні. Але яны дастаткова адчайныя, таму не спрабуюць яе спыніць», - адзначыў былы супрацоўнік Дзярждэпартамента ЗША Джэрэмі Шапіра.
Трамп, які публічна называў Мелані «выдатным чалавекам» і запрасіў яе на сваю інаўгурацыю, традыцыйна надае вялікае значэнне асабістым стасункам у дыпламатыі. Адзін з чыноўнікаў Белага дома, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, адзначыў, што для Трампа сама сустрэча - гэта сведчанне яго пераканання, што менавіта дзякуючы ўведзеным тарыфам іншыя лідары ідуць яму насустрач.
Еўрапейскія дыпламаты, зрэшты, асцергаюцца палітычнай «оптыкі» візіту, у прыватнасці таго, як ён будзе выглядаць на фоне нядаўніх заяў Трампа аб тым, што «краіны тэлефануюць і цалуюць мяне ў азадак», пасля таго, як ён часова прыпыніў пашырэнне тарыфнага рэжыму.
Пэўны недавер у еўрапейскіх сталіцах выклікае і тое, што Мелані падзяляе асобныя палітычныя погляды Трампа, асабліва ў кантэксце ўнутранай палітыкі. Гэта дае ёй магчымасць весці размову з кіраўніком Белага дома ў ключы, недаступным для такіх лідараў, як прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон або прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер.
«Яе ўспрымаюць як трансатлантыстку, але яна таксама мае агульнае бачанне з Трампам і яго камандай, асабліва на ўнутраным палітычным фронце. Яна знаходзіць з імі агульную мову. Тое ж тычыцца яе кантактаў з Іланам Маскам. Гэта дае ёй перавагу ў камунікацыі з Трампам, якой іншыя еўрапейскія лідары не маюць», - патлумачыла старшы навуковы супрацоўнік Еўрапейскага цэнтра Атлантычнай рады Рэйчэл Рыца.
Незадаволенасць у ЕЗ выклікае і той факт, што Мелані дзейнічае самастойна, тады як іншым еўрапейскім лідарам не ўдалося дамовіцца аб уласных сустрэчах з Трампам. Са слоў аднаго з еўрапейскіх чыноўнікаў, існуе рызыка, што такі дыпламатычны падыход можа разбалансаваць унутранае адзінства ЕЗ.
У Еўрапейскім Звязе асцерагаюцца, што ўсе асобныя саступкі Італіі, напрыклад, у сферы тарыфаў, могуць зменшыць агульныя вагары ўплыву ЕЗ у перамовах з ЗША. У той жа час офіс Мелані пацвердзіў, што яна правяла кансультацыі з прэзідэнткай Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен для каардынацыі пазіцыі перад візітам.
Пазіцыя Мелані аб Украіне пакуль застаецца цвёрдай, і яна, паводле слоў Шапіры, "значна больш жорстка выказваецца ў дачыненні да Расеі, чым чакалася". У той жа час у Брусэлі не выключаюць, што ўнутраны націск у Італіі і эканамічныя наступствы вайны могуць прымусіць яе перагледзець падтрымку Кіева.
«Яна па-майстэрску балансуе паміж рознымі палітычнымі лініямі і дагэтуль нікога не адштурхнула, што забяспечыла ёй крэдыт даверу. Але ёсць неспакой, што яна можа непублічна даць сігнал Трампу аб згодзе на паслабленне санкцый супраць Расеі. У такім выпадку санкцыйны фронт ЕЗ можа сур'ёзна пахіснуцца», - дадаў Шапіра.
Папярэднія намаганні еўрапейскіх лідараў паўплываць на пазіцыю Трампа аб вайне ва Украіне або пераканаць яго пазбягаць прамых кантактаў з Расеяй былі безвыніковымі. Калі Мелані і паспрабуе змяніць яго падыход, то, магчыма, зробіць гэта за зачыненымі дзвярыма, пасля таго, як камеры пакінуць Авальны кабінет.
Для Трампа гэта створыць магчымасць паказаць, што нягледзячы на жорсткую рыторыку ў дачыненні да ЕЗ, ён падтрымлівае добрыя стасункі з асобнымі лідарамі краін Еўропы.
«Прэзідэнт не разглядае ЕЗ як цэласнага гульца падчас перамоў, - заявіў прадстаўнік Белага дома на ўмовах ананімнасці.
Ён мяркуе, што Еўразвяз шкодзіць Злучаным Штатам. Але ён ахвотна будуе асабістыя стасункі з асобнымі лідарамі. І з Мелані ў яго склаліся шчыльныя ўзаемадачыненні».