Былога намеснік кіраўніка Генштаба РФ прысудзілі да сямі гадоў калоніі
3- 17.04.2025, 14:57
- 5,804

Фота: structure.mil.ru
Экс-генерал не супраць адправіцца на вайну.
Маскоўскі гарнізонны вайсковы суд прысудзіў да сямі гадоў калоніі экс-начальніка галоўнай управы сувязі ўзброеных сіл (УС) Расеі, намесніка начальніка Генштаба войска, генерала Вадзіма Шамарына паводле справы аб атрыманні значнага хабару (ч.6 арт.290 КК), паведаміў ТАСС.
Шамарына таксама пазбавілі воінскага звання і забаранілі яму займаць кіроўныя пасады цягам сямі гадоў. «Коммерсантъ» адзначае, што яму пакінулі наяўныя ўзнагароды.
Згодна з выракам суда, у Шамарына будзе канфіскавана амаль 36 млн расейскіх рублёў (амаль 440 тысяч даляраў), а арыштаваная маёмасць будзе заставацца пад арыштам да ўваходжання прысуду ў законнае дзеянне.
Шамарын гатовы ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, быўшы пазбаўленым звання генерала-лейтэнанта, паведаміў ТАСС яго адвакат Уладзімір Шалупахін.
Нагадаем, Шамарын быў арыштаваны 22 траўня 2024 года. Пааодлн інфармацыі абароны, тады ж ён быў адхілены ад займанай пасады і выведзены за штат Мінабароны.
Паводле версіі следства, Шамарын атрымаў хабары на агульную суму 36 млн рублёў ад службовых асоб пермскага тэлефоннага завода «Тэлта», з якім у 2019—2023 гадах у Мінабароны быў падпісаны кантракт на пастаўку прылад сувязі на агульную суму, большую за 1,4 млрд рублёў (амаль 17 мільёнаў даляраў). СК сцвярджае, што ў абмен на атрыманыя сродкі Шамарын павінен быў забяспечыць павелічэнне аб'ёмаў і кошту прадукцыі, якую пастаўляў заводу «Тэлта».
Як адзначалі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, Пуцін пазбаўляўся ад супольнікаў Шайгу ў Мінабароны, у той жа час аддаючы перавагу прызначаць на пасады звязаных з эканомікай функцыянераў, каб узмацніць перавод расейскай эканомікі на вайсковыя рэйкі.