УСУ атрымалі магутную беспілотную платформу-амфібію UNEX UGV
- 17.04.2025, 16:04
- 3,288

Яна працуе ў найскладаных умовах.
Міністэрства абароны Украіны кадыфікавала і дапусціла да эксплуатацыі ва УСУ дыстанцыйна кіраваную самаходную браняваную платформу UNEX UGV украінскай вытворчасці, паведамляе прэс-служба Мінабароны Украіны.
Як расказалі ў ведамстве, самаходная платформа пабудаваная на спецыяльным шасі, якое забяспечвае выключную мабільнасць у самых складаных умовах.
Платформа лёгка перасоўваецца па вадзе, плаўнях, балоце, багне, пяску, складанай паверхні і лёдзе. Размеркаванне вагі паміж восямі і шырокія шыны ствараюць ціск на паверхню менш, чым нага пяхотніка. Дзякуючы гэтаму платформа не актывуе міны, прызначаныя для знішчэння аўтамабільнай і браняванай тэхнікі. Падчас дэманстрацыі бронеамфібія праехала па керамічнай талерцы і кубку з кавы, не пашкодзіўшы іх.
Амфібія пераадольвае водныя перашкоды, паваленыя дрэвы, вялікія камяні, равы. Беспілотная платформа UNEX UGV можа выязджаць з вады на лёд. Працуе ў складаных варунках надвор'я пры розных тэмпературах.

Таксама UNEX UGV устойлівая да сістэм радыёэлектроннай барацьбы, мае надзейную сістэму радыёкіравання, праграмаваны аўтапілот, магутныя акумулятары. Можа быць вырабленая ў розных мадыфікацыях - з баявым модулем, сістэмай РЭБ, для выканання задач па лагістыцы, эвакуацыі, размінаванні і да таго падобнае.
- З пачатку шырокамаштабнага ўварвання абароннае ведамства кадыфікавала і дапусціла да эксплуатацыі ў Сілах абароны Украіны амаль 80 наземных рабатызаваных комплексаў украінскай вытворчасці, з іх паўтара дзясятка - у 2025 годзе. НРК выконваюць шырокі спектр задач: праводзяць штурмавыя і абарончыя дзеянні, выведку, мінаванне і размінаванне, назіранне, лагістычныя задачы, ажыццяўляюць эвакуацыю, - паведаміў намеснік міністра абароны Украіны Валерый Чуркін.