У РФ студэнтам, якія не здалі іспыты, прапануюць пайсці на вайну супраць Украіны
7- 17.04.2025, 18:11
- 5,810

Такі варыянт прапануюць замест адлічэння.
Мінадукацыі Свярдлоўскай вобласці з падачы ваенкама прапанавала кіраўніцтву Уральскага федэральнага ўніверсітэта заняцца вярбоўкай непаспяховых студэнтаў на вайну супраць Украіны. Ліст намесніка кіраўніка ведамства Яўгена Бірука рэктару ВНУ Віктару Какшараву апублікаваў незалежны саюз студэнтаў УрФУ. У тэксце гаворыцца, што студэнтаў, якія не спраўляюцца з адукацыйнай нагрузкай, маюць акадэмічную запазычанасць або падлягаюць адлічэнню, трэба накіроўваць на заключэнне кантракта з Мінабароны РФ. Тых, хто пагодзіцца, выганяць з ВНУ не будуць - замест гэтага ім дадуць акадэмічны водпуск з правам аднаўлення на навучанне пасля службы, перадае The Moscow Times.
Ідэя пачаць рэкрутынг у ВНУ належыць ваенкаму Свярдлоўскай вобласці палкоўніку Юрыю Аксёнаву. Той звярнуўся да намесніка губернатара Васіля Казлова, сцвярджаючы, што падобная практыка ўжо існуе "ў шэрагу суб'ектаў" Расеі. Аксёнаў папрасіў распаўсюдзіць яе і на ўральскія ВНУ.
У 2024 годзе Свярдлоўская вобласць праваліла накіраваны з Масквы план па наборы кантрактнікаў на фронт, выканаўшы яго толькі на 25% і апынуўшыся на апошнім месцы сярод усіх рэгіёнаў Уральскай федэральнай акругі, пісала Ura. Праз гэта ваенкам Аксёнаў аб'явіў вайну чыноўнікам абласнога ўрада. У прыватнасці, пагражаў ім персанальнай адказнасцю за невыкананне мэтавых паказчыкаў і ўсяляк абражаў іх на закрытых нарадах, расказвалі крыніцы выдання.
У сярэдзіне лета дзейны на той момант губернатар Яўген Куйвашаў змяніў адказнага за вярбоўку ў вобласці - ім стаў яго намеснік Казлоў. 26 сакавіка кіраўніка рэгіёна адправілі ў адстаўку пасля 12 гадоў працы на гэтай пасадзе. Прычыны не называліся. Пасля гэтага крыніцы "Коммерсанта" паведамілі, што Куйвашаў стаў фігурантам крымінальнай справы ў карупцыі. Сам ён не стаў пацвярджаць ці абвяргаць гэтую інфармацыю.
Між тым Свярдлоўская вобласць уваходзіць у тройку лідараў ў колькасці страт на вайне з Украінай.