Лукашэнка прызначыў новага дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы»
6- 17.04.2025, 21:33
- 10,228

Раней гэтую пасаду займаў Дзмітрый Мезенцаў.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка прызначыў дзяржаўным сакратаром «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Сяргея Глазьева, які змяніў на гэтай пасадзе Дзмітрыя Мезенцава. Пра гэта паведамляе БелТА.
«У сувязі з тым, што сканчаецца тэрмін знаходжання на гэтай пасадзе Дзмітрыя Мезенцава і ён сыходзіць на іншую працу <…> Мы прынялі такую пастанову аб прызначэнні вас кіраўніком і маторам нашай саюзнай інтэграцыі ў плане кіраўніцтва ўсім апаратам “саюзнай дзяржавы”. Думаю, што эфект будзе добрым», – сказаў Лукашэнка.
Са студзеня 2025 года Глазьеў займаў пасаду намесніка сакратара «саюзнай дзяржавы», з 2019 да 2024 года – чалец калегіі ў інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі. З 2012 да 2019 года ён быў дарадцам кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна, курыраваў каардынацыю працы федэральных органаў выканальнай улады, накіраванай на развіццё еўразійскай інтэграцыі. Таксама займаў пасаду намесніка генеральнага сакратара Еўразійскай эканамічнай супольнасці.
17 красавіка кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін прызначыў Дзмітрыя Мезенцава сваім паўнамоцным прадстаўніком у Канстытуцыйным судзе.