«Выгляд у Лукашэнкі быў даволі перапалоханы»
24- 18.04.2025, 16:03
- 41,002

Еўропа ведае, як адказаць на шантаж дыктатара.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага расейскага журналіста Яўгена Кісялёва.
Адна з галоўных тэм размовы - візіт у Менск дырэктара Службы замежнай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна.
Наталля Радзіна думае, што кіраўнік СВР Расеі выкарыстоўваў Менск для таго, каб зрабіць некалькі гучных заяў:
- У першую чаргу, ён заявіў, што замірэнне з Украінай магчымае толькі на ўмовах практычнай капітуляцыі гэтай краіны. Паўтарыў тэзісы, што неабходная дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Украіны, нейтральны статус краіны і прызнанне Украінай захопленых Расеяй тэрыторый, гэта значыць, чатырох абласцей і Крыма. Гэта было яснае пасланне: на якіх умовах магчымае спыненне агню з боку Расеі. Таксама прагучалі пагрозы на адрас краін Балтыі і Польшчы. Абсалютна, вядома, беспадстаўна было заяўлена, што нібыта краіны Балтыі і Польшча паводзяць сябе агрэсіўна да Беларусі і Расеі. Размова ідзе, відаць, аб выхадзе гэтых краін з Атаўскай канвенцыі і аб намеры размяшчаць супрацьпяхотныя міны на граніцах з Беларуссю і Расеяй.
Я расцэньваю яго візіт, гэтыя заявы як аперацыю запалохвання Еўропы, як прымус Еўропы да пахабнага міру. Нарышкін проста кажа: «Згадзіцеся на нашы ўмовы капітуляцыі Украіны. Спыніце узбройваць Украіну. Зніміце з нас санкцыі. Не размяшчайце міратворцаў на мяжы з Беларуссю». Мы разумеем, што апошняе іх вельмі моцна непакоіць, бо размяшчэнне еўрапейскіх міратворцаў на беларуска-ўкраінскай мяжы дазволіць вызваліць дзясяткі тысяч украінскіх вайскоўцаў і перавесці іх у зону баявых дзеянняў.
Еўрапейскі Звяз не павінен паддавацца на шантаж Крамля, мяркуе журналістка:
- Я ўпэўненая, што Еўропа на гэты шантаж не пойдзе. Ужо прагучаў каментар з боку прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, які сказаў, што гэта класічная расейская дэзінфармацыя. Што Расея перакідвае ядзерную зброю ў Беларусь, пагражаючы NATO і ЕЗ, а таксама рэалізуе жорсткі крыважэрны імперыялізм цягам трох гадоў шляхам нападу на Украіну.
Безумоўна, Нарышкін агучыў словы Пуціна. І зусім зразумела, чаму гэта прагучала ў Менску. Бо гэтым дэманструецца, што тэрыторыя Беларусі можа выкарыстоўвацца Расеяй для паўторнага нападу на Украіну, а таксама магчымай агрэсіі ў дачыненні да Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы.
Радзіна звяртае ўвагу на небяспеку беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2025»:
— Я сама толькі што вярнулася з Літвы, і магу сказаць, што ў краіне ўсе занепакоеныя будучымі ўвосень гэтага года беларуска-расейскімі вучэннямі «Захад-2025». Нагадаю, што нядаўна гетман Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што ў выніку гэтых вучэнняў, як і ў 2022 годзе, можа адбывацца фармаванне наступальнай групоўкі. Цяпер пакуль мы не назіраем сур'ёзнага перамяшчэння расейскай тэхнікі і вайскоўцаў у Беларусь. Але паступова гэта здараецца. Вось, напрыклад, 5 красавіка была інфармацыя, што ў Беларусь прыбылі 14 вагонаў з расейскай вайсковай тэхнікай і адзін пасажырскі вагон з асабовым складам. Гэта значыць, паступовае перамяшчэнне расейскіх вайскоўцаў і расейскай тэхнікі адбываецца.
Вучэнні запланаваныя, нагадаю, на верасень. Трэба пільна назіраць за тым, што будзе адбывацца. Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс ужо заявіў, што NATO адрэагуе на гэтыя вучэнні ў выпадку, калі яны будуць пагражаць суседнім краінам. Але я б сказала, што рэагаваць трэба ўжо зараз.
Дарэчы, на сустрэчы Нарышкіна з Лукашэнкам я заўважыла, што беларускі дыктатар паводзіў сябе дастаткова спакойна, не падтрымліваў агрэсіўных выказванняў Нарышкіна. Вядома, ён ім не супярэчыў ні ў якім разе. Але больш адмоўчваўся, казаў нейкія агульныя фразы пра «саюзную дзяржаву», рашучасць працаваць разам. Выгляд у яго быў даволі перапалоханы. І я задумалася: чаму?