19 красавiка 2025, Субота, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Можам пабачыць хвалю банкруцтва ў Беларусі»

3
«Можам пабачыць хвалю банкруцтва ў Беларусі»

Эканаміст расказаў, што адбываецца з гандлёвымі сеткамі ў Беларусі.

Штучнае стрымліванне коштаў у Беларусі стварае вялікія праблемы гандлёвым сеткам.

Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі з 2023 да 2024 года запазычанасць у крэдытах у сферы гандлю вырасла з 8 да 12 мільярдаў рублёў (на 50%), а запазычанасць пастаўшчыкоў перад раздробнымі сеткамі вырасла ўдвая.

Што адбываецца з беларускімі крамамі? Як гэта адаб'ецца на беларусах? На гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё адказвае эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

«Рэгуляванне коштаў забівае прыбытак прадпрыемстваў»

Галоўная прычына ў стратнасці раздробных сетак - гэта рэгуляванне коштаў, якое забівае і рэнтабельнасць, і прыбытковасць, адзначае Махоўскі.

- Далей рэгуляваць кошты ўжо проста небяспечна, мы можам убачыць хвалю банкруцтваў. У нас заўсёды крызісы былі звязаныя з дэвальвацыяй і інфляцыяй, але зараз улады заціснулі інфляцыю і наступны крызіс можа апынуцца ў форме ланцужка банкруцтваў, калі банкруцтва адной кампаніі цягне наступнае банкруцтва.

Другая прычына, адзначае эксперт, - гэта тое, што рэгуляванне больш не спраўляецца з ростам коштаў.

— Інфляцыя ўсё адно паскараецца, яна вышэйшая за прагнозы, бо акрамя ўнутраных коштаў ёсць яшчэ і вонкавы ціск. Імпарт даражэе, а рэгуляванне коштаў не дапамагае.

Таму рэгуляванне коштаў з аднаго боку забівае прыбытак прадпрыемстваў (у першую чаргу гандлёвых), а з другога - яно ўжо дабралася да вытворцаў.

«Раздробны гандаль пакутуе больш за ўсё»

Яшчэ адна прычына спусташэння беларускіх раздробных сетак - падвышэнне ўзроўню заробкаў сваім работнікам праз вялізны дэфіцыт кадраў у эканоміцы.

— У Беларусі ёсць праблема з недахопам працаўнікоў, і заробкі даводзіцца падвышаць, бо на рынку працы вялікая канкурэнцыя, калі ў вас 200 тысяч незанятых вакансій — вам даводзіцца падвышаць заробак, калі вы хочаце, каб у вас нехта працаваў. І гэта датычыцца не толькі раздробных сетак, гэта датычыцца і вытворчасці, і прыватных кампаній іншых.

Тое ж самае адбываецца і ў іншых галінах эканомікі проста не ў такіх значных маштабах. Таму што менавіта раздробны гандаль больш за ўсё пакутуе ад рэгулявання коштаў. Таму рост крэдытнай запазычанасці ідзе ўсюды - кампаніі вымушаныя браць крэдыты, каб у іх была магчымасць проста плаціць заробак.

Адпушчэнне коштаў радыкальна не зменіць сітуацыю

Нядаўна ўлады прыдумалі новае «справядлівае цэнаўтварэнне» і адпусцілі кошты шэрагу прадуктаў. Але, на думку Андрэя Махоўскага, калі гэта і выправіць становішча, то некрытычна.

- Тэарэтычна, гэта павінна паўплываць на сітуацыю, але я б не пераацэньваў значэнне гэтага адпушчэння цэн. Так, пералік тавараў скарацілі на траціну, і гэта можа падацца шмат. Але, насамрэч, усе тавары, кошты якіх адпусцілі, займаюць толькі 10% спажывецкага кошыка.

Таму гэтая пастанова радыкальна не зменіць сітуацыю. На большую частку спажывецкага кошыка кошты ўсё адно будуць рэгулявацца як і раней, але некаторае палягчэнне для гандлёвых сетак, вядома, здарыцца.

«Улады самі робяць так, што беларускія кампаніі банкрутуюць»

Андрэй Махоўскі мяркуе, што вялізныя запазычанасці могуць прывесці да закрыцця многіх беларускіх раздробных сетак і банкруцтва прадпрымальнікаў.

— Мы ж бачылі, што ў нас гандлёвыя сеткі і крамкі разараюцца і закрываюцца. Гэта адбывалася і ў 23-м, і ў 24-м годзе. Але гэта не значыць, што беларусы застануцца без гандлёвых сетак, бо ёсць расейскі бізнэс. Цяпер расейскага раздробнага бізнэсу становіцца ўсё больш, бо ён мае вялікія рэзервы і больш магчымасцяў. У тым ліку ён можа сабе гэта дазволіць заняць месца беларускіх сетак на рынку.

Эксперт кажа, што «спажывецкай катастрофы» адбыцца не павінна, аднак пытанне суверэннасці беларускай эканомікі стане вельмі востра.

- Я не думаю, што спажывец гэта моцна адчувае. Яшчэ з 2023-га года было заўважна павелічэнне расейскіх тавараў на беларускім рынку. Так, многія скардзіліся на дрэнную якасць. Але ніякай спажывецкай катастрофы ад гэтага не будзе.

Ці ўзнікне татальны крызіс? Не, не ўзнікне. Гэта хутчэй пытанне суверэннасці беларускай эканомікі. Расейскі ўплыў і так вялікі, улічваючы, што дзве траціны беларускага экспарту прыпадае на Расею. І вось тут мы бачым яшчэ і на раздробным рынку экспансію расейскага рынка. Улады самі робяць так, што беларускія кампаніі банкрутуюць.

Bloomberg: ЗША плануюць поўнае спыненне агню ва Украіне праз некалькі тыдняў

У тым ліку і з дапамогай маштабнага пакета санкцый супраць РФ.

Прадстаўнікі ЗША на сустрэчы ў Парыжы заявілі, што яны хочуць дасягнуць поўнага спынення агню ў вайне Украіны з Расеяй цягам найбліжэйшых некалькіх тыдняў. Аб гэтым паведамляе выданне Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Як адзначаецца, перамовы ў Парыжы з удзелам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і спецпрадстаўніка ЗША Стыва Віткафа, а таксама ўкраінскіх чыноўнікаў, былі сканцэнтраваныя ў асноўным на тым, як хутчэй перайсці да спынення агню і трывалага міру ва Украіне.

«Амерыканскія чыноўнікі ўказалі, што чакаюць значнага прагрэсу найбліжэйшым часам, і ўдзельнікі сустрэчы ў чацвер пагадзіліся працаваць у гэтым кірунку», – піша Bloomberg.

Як адзначае выданне, парыжская сустрэча азнаменавала сабой апошнюю спробу Еўропы паўплываць на вынікі перамоў, прадэманстраваўшы, што разам з Кіевам яны цалкам падтрымліваюць намаганні ЗША для спынення вайны і што Расея павінна давесці сур'ёзнасць сваіх намераў у перамовах аб спыненні агню.

«Еўрапейскія чыноўнікі таксама хацелі даведацца, якія дзеянні разглядае адміністрацыя Трампа, калі не атрымае прагрэсу ад Пуціна, і яны хацелі пераканаць Вашынгтон у неабходнасці ўзмацніць жорсткасць сваёй пазіцыі ў дачыненні да Масквы, у тым ліку праз «маштабны» пакет санкцый, пра разгляд якога Трамп раней згадваў», - адзначыў адзін з суразмоўцаў выдання.

Рэклама

Як адзначыў Елісейскі палац, пасля гэтай сустрэчы дарадцы ў нацыянальнай бяспецы і перамоўнікі з Нямеччыны, Францыі, ЗША і Вялікай Брытаніі зноў збяруцца ў Лондане на наступным тыдні, каб прадоўжыць свае абмеркаванні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках