Bloomberg: ЗША плануюць поўнае спыненне агню ва Украіне праз некалькі тыдняў
44- 18.04.2025, 9:50
- 22,906

У тым ліку і з дапамогай маштабнага пакета санкцый супраць РФ.
Прадстаўнікі ЗША на сустрэчы ў Парыжы заявілі што яны хочуць дасягнуць поўнага спынення агню ў вайне Украіны з Расеяй цягам найбліжэйшых некалькіх тыдняў. Аб гэтым паведамляе выданне Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Як адзначаецца, перамовы ў Парыжы з удзелам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і спецпрадстаўніка ЗША Стыва Віткафа, а таксама ўкраінскіх чыноўнікаў, былі сканцэнтраваныя ў асноўным на тым, як хутчэй перайсці да спынення агню і трывалага міру ва Украіне.
«Амерыканскія чыноўнікі ўказалі, што чакаюць значнага прагрэсу найбліжэйшым часам, і ўдзельнікі сустрэчы ў чацвер пагадзіліся працаваць у гэтым кірунку», – піша Bloomberg.
Як адзначае выданне, парыжская сустрэча азнаменавала сабой апошнюю спробу Еўропы паўплываць на вынікі перамоў, прадэманстраваўшы, што разам з Кіевам яны цалкам падтрымліваюць намаганні ЗША для спынення вайны і што Расея павінна давесці сур'ёзнасць сваіх намераў у перамовах аб спыненні агню.
«Еўрапейскія чыноўнікі таксама хацелі даведацца, якія дзеянні разглядае адміністрацыя Трампа, калі не атрымае прагрэсу ад Пуціна, і яны хацелі пераканаць Вашынгтон у неабходнасці ўзмацніць жорсткасць сваёй пазіцыі ў дачыненні да Масквы, у тым ліку праз «маштабны» пакет санкцый, пра разгляд якога Трамп раней згадваў», - адзначыў адзін з суразмоўцаў выдання.
Як адзначыў Елісейскі палац, пасля гэтай сустрэчы дарадцы ў нацыянальнай бяспецы і перамоўнікі з Нямеччыны, Францыі, ЗША і Вялікай Брытаніі зноў збяруцца ў Лондане на наступным тыдні, каб прадоўжыць свае абмеркаванні.