Іншаземец стварыў у Беларусі фінансавую піраміду
7- 18.04.2025, 11:03
- 2,844

Аферыст прадстаўляўся патэнцыйным «інвестарам» як паспяховы прадпрымальнік.
З траўня 2022 года да кастрычніка 2024-га 29-гадовы грамадзянін замежнай дзяржавы ўчыніў у Менскай вобласці «серыю ашуканскіх дзеянняў», паведамілі ў Следчым камітэце. Мужчына ўзяў грошы ў 11 чалавек, прадстаўляючыся паспяховым бізнэсоўцам. У выніку ж стварыў фінансавую піраміду, спадзяючыся расплаціцца з пазыкамі.
Аферыст прадстаўляўся патэнцыйным «інвестарам» як паспяховы прадпрымальнік, які атрымлівае даход ад продажу нерухомасці, бетонных пліт, дзвярэй, аўтазапчастак з Японіі. Ён пераконваў сваіх ахвяр, што іх укладанні прынясуць ім істотны даход і адсоткі ў пазыцы.
Аднак грошы не інвеставаліся ў заяўленыя праекты. Замест гэтага аферыст укладваў іх у набыццё крыптавалюты, якую, з яго слоў, можна было вывесці толькі за мяжой.
«Пазней ён прызнаўся сваім знаёмым, што фактычна стварыў фінансавую піраміду, пераразмяркоўваючы перададзеныя яму грошы паміж удзельнікамі, спадзеючыся такім чынам выбрацца з пазыковай ямы», – паведамілі ў СК.
Нават пасля выкрыцця ён працягваў ашукваць сваіх ахвяр, запэўніваючы іх, што грошы будуць вернутыя найбліжэйшым часам. Заяўляў, што нібыта супрацоўнікі спецслужбаў прывязуць 230 тысяч даляраў ва ўмоўнае месца ў Чэрвень і перададуць грошы ягоным сваякам для выплаты запазычанасці.
У студзені 2025 года зламыснік быў затрыманы. Устаноўлены 43 эпізоды злачыннай дзейнасці, мужчына пад вартай. Усяго ён завалодаў грашыма 11 пацярпелых на агульную суму звыш 845 тысяч рублёў.
Іншаземцу выстаўленае абвінавачанне паводле ч.2, 3 і 4 арт.209 КК (Махлярства, учыненае паўторна, у значнай і асабліва значнай суме). Віну ва ўчыненым злачынстве фігурант прызнаў часткова, яму пагражае ад трох да 12 гадоў калоніі.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.