19 красавiка 2025, Субота, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін даслаў ідэйнага імпэрца

6
Пуцін даслаў ідэйнага імпэрца
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

Хто такі Сяргей Глаз’еў?

Пакуль усе абмяркоўваюць нейкую выканкамаўскую цётку, якая заклікала беларусаў пастаяць на адной назе з вядром ці нечым там яшчэ на галаве ў гонар Дня перамогі, Лукашэнка з Пуціным ціхай сапай зрабілі маленькае і незаўважнае прызначэнне. Магчыма, цётцы на галаву прадмет паставілі спецыяльна, каб усе адцягнуліся і не заўважылі Глаз’ева. А заўважыць трэба.

Учора Сяргей Глаз’еў стаў дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы». Вядома, першая цалкам лагічная рэакцыя на такую навіну - сумнае «ну і што такой, ніякай саюзнай дзяржавы ўсё адно не існуе, падумаеш». Так, нібыта не існуе. Але супольныя вайсковыя вучэнні «Захад» і «Саюзная рашучасць», расейскія войскі ў Беларусі, «Вагнер», у якога зараз тут адна з галоўных баз, - гэта рэальнасць. Так што Беларусь ужо ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, і вайсковую «саюзную» праграму можна ўважаць за практычна рэалізаваную. Застаецца эканоміка - дакладней, тое, да чаго яшчэ не прыклалі руку расейскія «інвестары» накшталт Газпрама. І вось тут на сцэне з'яўляецца новы дзяржсакратар Сяргей Глаз’еў.

Пасада дзяржсакратара заўсёды была звычайнай сінекурай для тых, хто доўгія гады дэманстраваў лаяльнасць абодвум дыктатарам і заслужыў права жыць у сваё задавальненне, нічым не займаўся і ні за што не адказваў. Спачатку дзяржсакратаром быў абаяльны ашуканец Пал Палыч Барадзін, потым супрацоўнік КДБ Рыгор Рапота, потым былы амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў. Усе атрымлівалі асалоду ад высокіх заробкаў і адсутнасці абавязкаў, банкетаў і лазняў пасля супольных пасяджэнняў, блізкасці да ўладальнікаў рэальнай улады і магчымасці «развязваць пытанні». (Дарэчы, ніводнага беларуса на цёплае мястэчка не дапусцілі ні разу.) Але не такі Глаз’еў: ён, у адрозненне ад папярэднікаў, шукае не цішыні і грошай, а аднаўлення імперыі. Ён не заляжа пад плед з келіхам віскі на час знаходжання пры пасадзе, а будзе працаваць. Разаўе бурную дзейнасць, а не будзе яе імітаваць. З выгляду дробны ваўкалак, насамрэч ён настойлівы і актыўны. Глаз’еў - гэтакі эканамічны Дугін.

Так, калісьці ён быў маладым эканамістам і меў стасункі з рэфарматарамі накшталт Ягора Гайдара, удзельнічаў у працы клуба «Перабудова». Але ўжо з сярэдзіны дзевяностых існасць узяла верх: «Кангрэс расейскіх грамадаў», блок «Радзіма», дуэт з Рагозіным, удзел у фінансаванні і арганізацыі «Антымайдана», «украінцы - нацысты». І, вядома, аўтарская калонка ў газеце «Завтра»: дзе ж яшчэ публікавацца сапраўднаму патрыёту, як не ў Праханава?

Ён, да прыкладу, палохаў сваіх чытачоў тым, што Украіна мае намер вярнуць Данбас і засяліць яго габрэямі. Распавядаў пра выбітнага Лукашэнку, які стварыў эканамічны цуд. Зваў Майдан нэанацысцкім пераваротам. Праводзіў паралелі паміж прыгнечаным расейскім народам і не менш прыгнечанымі народамі Афрыкі, якія стагоддзямі пакутавалі ад заходняга каланіялізму, а зараз абавязаныя сабрацца разам і нанесці Захаду смяротны ўдар, ад якога ён не ачуняе. Сцвярджаў, што «пасля заканчэння СВА і ўваходжання тэрыторый былой Украіны ў расейскую дзяржаву, туды аўтаматычна далучыцца і Беларусь». Потым Казахстан і гэтак далей, бо адраджэнне імперыі для пачатку ў межах СССР - найважнейшая і першачарговая задача Расеі. Але і пасля аднаўлення савецкай імперыі, пісаў Глаз’еў, спыняцца нельга, бо ранейшыя межы СССР - толькі прамежкавае дасягненне на шляху будаўніцтва вялікай звышдзяржавы. Ну і, вядома, «расейцы і ўкраінцы - адзін народ», «Расея пераможа ў сусветнай вайне, развязанай Захадам», «трэба адмаўляцца ад даляра і абвяшчаць СБУ тэрарыстычнай арганізацыяй». Зрэшты, можна і не марнаваць час на цытаты, дастаткова пачытаць загалоўкі: «Ідэалогія або смерць!», «Сінтэз каранавіруса быў ажыццёўлены ў ЗША на замову сусветнай фінансавай алігархіі», «Расея закліканая стаць лакаматывам кааліцыі за стварэнне новага светагаспадарчага ўкладу», «Аднаўленне імпэрыі – выратаванне для Расеі», «Расею спрабуюць знішчыць».

На змену блакітным зладзюжкам Альхенам, якія марылі, седзячы ва ўтульным крэсле, каб іх не чапалі, прыйшоў ідэйны імпэрац, які марыць аб Расеі ад Берасця да Курылаў. І гэта, асабліва на фоне вайны, небяспечна. Куды больш небяспечна, чым выканкамаўскія дурніцы з кніжкамі на галаве.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках