Bloomberg: Польшчы патрэбен «ядзерны парасон» і Францыі, і ЗША
1- 18.04.2025, 11:40
- 2,554

Прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў да стрымлівання Расеі.
Польшча падтрымлівае ідэю доступу да французскага «ядзернага парасона» для абароны ад патэнцыйнай расейскай пагрозы. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў каментары Bloomberg.
Таксама польскі лідар заклікаў дабівацца доступу да амерыканскай атамнай зброі.
«Я мяркую, што мы можам прыняць абедзве пастановы. Гэтыя дзве ідэі не з'яўляюцца ні супярэчнымі, ні ўзаемавыключальнымі», - падкрэсліў ён.
У той жа час прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў падчас выступу ў парламенце, што Варшава можа паспрабаваць атрымаць доступ да ядзернай зброі. З яго слоў, вядуцца «сур'ёзныя перамовы» наконт прапановы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона выкарыстоўваць ядзерны патэнцыял Парыжа для абароны еўрапейскіх хаўруснікаў.
Паводле інфармацыі выдання, імкненне Польшчы да ядзернага стрымлівання дадаецца да амбіцыйнай праграмы пераўзбраення Варшавы, падштурхнутай поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну. Таксама Польшча заручылася фінансавай падтрымкай Еўразвяза для ўмацавання сваёй мяжы з Беларуссю і Калінінградам.
Журналісты нагадалі, што Дуда неаднаразова заклікаў ЗША размясціць на тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю.
«Роля NATO - супрацьстаяць агрэсіўным паводзінам Расеі. Як NATO збіраецца на гэта адрэагаваць? Мой адказ вельмі просты. Мы прапануем вам распаўсюдзіць ядзернае супрацоўніцтва таксама і на нашу тэрыторыю», - адзначыў Дуда.