У Берасці лукашысты накупілі крэслаў яшчэ на амаль $9200
7- 18.04.2025, 19:10
- 6,712

Трэці раз за два месяцы.
Берасцейскія чыноўнікі працягваюць закупляць новую мэблю. Два месяцы таму яны набылі 54 сталы, 35 тумбаў, 69 шаф, 10 камод, а цяпер узяліся за крэслы.
З фота з тэндару закупак BGmedia знайшоў іх у продажы ў Беларусі. Гэта было 21 крэсла "METTA-11" за 9600 рублёў (кошт аднаго - каля 457 рублёў). І яшчэ 116 крэслаў Lucas за 20 300 рублёў (каля 175 рублёў за штуку). Новую мэблю паставяць у гарвыканкам з 21 да 30 верасня.
Кампанія Metta называе сябе найбуйнейшым расейскім вытворцам інавацыйных эрганамічных крэслаў для офіса і дома. На сайце афіцыйнага імпарцёра Metta у Беларусі такое крэсла каштуе ад 505 рублёў. На сайце 7745.by - ад 595 рублёў. Гарвыканкам набыў іх танней - па 457 рублёў за штуку.

Крэслы "Lucas" вырабляе берасцейская кампанія "АКС-мэбля", такім жа кошце яны прадаюцца на сайце.
Гэта ўжо не першыя дарагія набыткі берасцейскіх чыноўнікаў за кошт насельніцтва вобласці. Напрыклад, два месяцы таму, 17 лютага, берасцейскія аблвыканкам і гарвыканкам надумалі абнавіць у сваіх кабінетах мэблю – закупілі адразу 54 сталы, 35 тумбаў, 69 шаф, 10 камод і 29 адбойных планак за 55 665,26 рубля. Але, здаецца, гэтага не хапіла, і 25 лютага гарвыканкам набыў новую партыю мэблі. За тыя ж сталы, тумбы, шафы, камоды і адбойныя планкі заплацілі яшчэ 70 460,89 рубля.
А на пачатку студзеня Берасцейскі аблвыканкам замовіў віншавальныя паштоўкі ручной працы на 10 тысяч рублёў. Іх накупілі так нашмат, што "вызначыць колькасць тавараў не магчыма".