«Падарунак багоў»: як Трамп можа выйсці пераможцам у вайне ва Украіне
7- 19.04.2025, 10:47
- 8,710

На Крэмль зараз можна значна націснуць.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп усё яшчэ можа дабіцца перамогі ў вайне ва Украіне, аднак для гэтага яму трэба націснуць на расейскага лідара Уладзіміра Пуціна, а не «падлашчвацца да яго». Такое меркаванне ў каментары The Hill выказаў навуковы супрацоўнік Атлантычнай рады Дэніэл Фрыд.
У той жа час ён падкрэсліў, што рыторыка адміністрацыі ЗША зараз у роўнай ступені ўскладае віну на Украіну і Расею - нават нягледзячы на тое, што Масква адпрэчыла папярэднюю прапанову Трампа аб часовым спыненні агню.
«Выказванні Рубіё, прызнацца, прывялі мяне ў замяшанне, бо ён, відавочна, раўназначна абвінаваціў у зрыве прагрэсу і Расею, і Украіну. У той час як насамрэч за адсутнасць прагрэсу адказная Расея. І толькі Расея», - адзначыў ён.
У той жа час эксперт сцвярджае, што цяпер самы час для Трампа націснуць на Расею, улічваючы яе апасенні наконт стану сусветнай эканомікі:
«Кошт нафты нізкі праз боязь рэцэсіі; эканамічнае становішча Расеі яшчэ больш уразлівае. Скарыстайся гэтым, хлопец! Падарунак багоў... Яны пакутуюць. Таму дайце ім зразумець, што мы ведаем, і пачніце прапаноўваць варыянты дзеянняў ці зліваць інфармацыю пра іх, каб сапраўды трымаць іх пад прыцэлам у галіне энэргетыкі».
Са слоў Фрыда, у Трампа ёсць вялікая магчымасць заявіць аб перамозе ў вайне, але для гэтага яму давядзецца больш націснуць на Пуціна.
Калі яго ўгода будзе ўключаць у сябе спыненне агню і гарантаванне бяспекі ва Украіне, а таксама прыцягненне еўрапейцаў да гарантавання бяспекі, ён зможа заявіць аб падвойнай перамозе, сказаў эксперт.
«Але для гэтага яму давядзецца супрацьстаяць Пуціну, а не ўвесь час падлабуньвацца да яго або даручаць Уіткафу ездзіць туды з букетамі», - падкрэсліў ён.