«Пакаленне Ні-ні»: у якіх краінах Еўропы моладзь жыве з бацькамі і чаму
7- 19.04.2025, 15:54
- 7,970

У Польшчы больш за палову маладзёнаў аддаюць перавагу жыць з бацькамі.
У Еўропе маладзёны да 34 гадоў даўжэй за ўсё жывуць з бацькамі ў краінах Паўднёвай і Усходняй Еўропы. Лідарамі па долі моладзі, якая пражывае з бацькамі, з'яўляюцца Чарнагорыя (69%), Албанія (66%), Харватыя (64%), Славаччына (57%), Сербія (55%). Як піша zn.ua, пра гэта сведчаць звесткі Еўрастата і аналітыка аб узросце выезду з бацькоўскага дома.
Таксама дастаткова высокі гэты адсотак у Грэцыі (54%), Польшчы (53%) і Італіі (50%). У той жа час у Нямеччыне гэты паказчык у некалькі разоў ніжэйшы (14%).
Пры гэтым у Паўночнай Еўропе, наадварот, моладзь з'язджае значна раней - у Фінляндыі (4%), Нарвегіі (7%) і Швэцыі (8%) – прыблізна ў 21 год.
Прычыны, чаму моладзь жыве з бацькамі:
- Эканамічныя цяжкасці: высокае беспрацоўе сярод моладзі, асабліва ў Паўднёвай і Усходняй Еўропе, абцяжарвае самастойнае пражыванне.
- Высокі кошт жылля і арэнды, якая робіць немагчымым хуткае набыццё або арэнду ўласнага жылля.
- Сацыяльна-культурныя асаблівасці: у краінах Паўднёвай Еўропы традыцыйна прынята заставацца ў бацькоўскім доме даўжэй.
- Наяўнасць так званага «Пакалення Ні-ні» (NEETS) - моладзі, якая не працуе і не вучацца, што павялічвае залежнасць ад бацькоў.
- Ва Усходняй Еўропе і краінах з эканамічнымі крызісамі моладзь імкнецца эканоміць, жывучы з бацькамі.