Этналагіня патлумачыла, чаму нельга працаваць у святы паводле традыцыяў беларусаў
2- 19.04.2025, 16:07
- 3,914

Часам святочныя забароны датычыліся нейкага аднаго віду дзейнасці.
«Камсамолка» зноў зазірнула ў кнігу вядомай беларускай навукоўцы-этналагіні, кандыдаткі гістарычных навук Таццяны Кухаронак «Святочны час. Народныя звычаі і павер'і ў аповедах беларусаў». Кніга, якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука» і ўжо вытрымала перавыданне, падрабязна расказвае пра розныя традыцыі, якіх прытрымліваліся беларусы ў тое ці іншае свята. Прычым многае гаворыцца вуснамі саміх вяскоўцаў пра абрады і павер'і – жывой мовай жыхароў вёсак з іх эмоцыямі і хваляваннем.

Сярод традыцый былі і розныя забароны, прадпісанні. Гэтай тэме прысвечана цэлая частка самавітага фаліянта. З яе можна зрабіць выснову: галоўная забарона на тое ці іншае каляндарнае свята тычылася перш за ўсё адмовы ў гэты дзень (а то і на цэлы перыяд) ад працы. Так што на вялікія святы беларусы адмаўляліся ад гаспадарчых справаў, акрамя самых неабходных, як прыгатаванне ежы і кармленне жывёлы.
Гэты момант, можна сказаць, быў светапоглядным для нашых продкаў, якія надавалі каштоўнасць таму самаму «святочнаму часу». Акрамя таго, падахвочвала выконваць забарону на некаторыя віды працы ў вызначаныя традыцыяй дні вера ў неўнікнёнае пакаранне. Апошняе, у сваю чаргу, увесь час пацвярджалася тымі ці іншымі жыццёвымі выпадкамі ў сям'і ці ў вёсцы. Мала таго: як піша Таццяна Кухаронак, аповеды пра самыя значныя здарэнні, звязаныя з парушэннем святочнай забароны на працу ці штосьці яшчэ і пакаранні парушальніка вышэйшымі сіламі, разыходзіліся па суседніх вёсках і ішлі далей, а значыць, пашыралі бытаванне традыцыйных вераванняў сярод сельскіх жыхароў. Мусіць, гэта можна параўнаць з гісторыямі з жыцця, якія распаўсюджваюцца ў пабліках сацыяльных сетак.
Асабліва буйныя непрыемнасці прадракаліся тым, хто парушаў забарону на працу ў Вялікдзень і ў Велікодны тыдзень. Таццяна Кухаронак прыводзіць у кнізе запіс са сваёй этнаграфічнай экспедыцыі. Жыхарка вёскі Хутар Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Яўгенія Арлова 1932 года нараджэння ўспамінала жорсткія наступствы парушэння забароны на працу ў Вялікдзень, якая паводле логікі народнага хрысціянства з'яўляецца блюзнерствам:
.jpg)
«На Пасху нічога ня дзелалі, крый, Божа. Градавая серада после Паскі, няльзя нічога дзелаць у эты дзень, можа случыцца плахое ў доме, асцярагаліся. Вот этых празнічкаў баялісь сільна. Вот раскажу вам. У маёй падругі, яна ў Трасне жыве, яна бярэменная была і мужык плёў карзіны. І после Паскі эта нядзеля няльзя нічога дзелаць абсалютна, а ён карзіны плёў на этай нядзелі – і радзілася ў яго дзеўка: і ногі, і рукі ўсё пазакручана, як карзіна. Праляжала сямнаццаць гадоў, толькі маначку кармілі, малаком кармілі, гадоў мо пятнаццаць, як яна памёрла, тая дзяўчонка. Такое гора. Бывала прыду, дак ён плача, плача, во, гавора, якое гора я сабе сдзелаў, карзіны, гавора, плёў. – Чаго ж ты не асцярагаўся, няльзя, як жэншчына бярэменная і карова цельная нічога дзелаць, дажа цыплята могуць павывесцісь і пазакручаныя ногі. Такая страшная эта нядзеля была».
Часта, верылі, пакаранне магло дагнаць парушальніка забаронаў праз знішчэнне выніку ягонай «грахоўнай» працы – гэта значыць тычылася гаспадарчых справаў. Скажам, у вёсцы Ператокі ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці Соф'я Турко 1927 года нараджэння ўспамінала пра суседа Андруша, які праштрафіўся на Дзень памяці святых Барыса і Глеба:
«Ён на Барыса, два парабке на двое коней возяць жыта на Барыса, а ў нас ніхто нічога не робіць на Барыса. Ну, возіш – вазі. І знаяця што, не было ні хмары, нічога на свеце, адкуль як пузырочак нейкі ўзяўся – бах і згарэла. Поўнае гумно жыта згарэла як свечка. У Скамарошках гэтак сама было – возіць, возіць дзядзька снапы. Яму кажуць: “Куды ты возіш на Барыса”. А ён: “Я ня прызнаю нічога”. І, – кажа, – вечарам тожа схапілася хмарка, стукнула і згарэла гумно поўнае з жытам».
Яшчэ адным «небяспечным» святам у традыцыйным народным календары беларусаў Таццяна Кухаронак называе «чуда». Гэты дзень адзначалі ў гонар цуду архістратыга Міхаіла (у праваслаўным календары гэты дзень шануецца 19 верасня). Распаўсюджана асаблівае стаўленне да гэтага дня на Палессі – як заходнім, так усходнім. І ў народным разуменні беларусаў пакаранне за парушэнне забароны на працу ажыццяўляла само свята, якое магло «начудзіць/пачудзіць/счудзіць». Словам, атрымліваўся цуд са знакам «мінус».
.jpg)
Настасся Гаральчук 1928 года нараджэння з вёскі Макраны Маларыцкага раёна Берасцейскай вобласці ўспамінала падчас экспедыцыі аўтара кнігі:
«Не то шо я чула, а са мною чуда было. Тут сусідка моя, нэдалэко жывэ і кажа: “Насця, там далэко за сілом колхозна картопля. Трактор іі выкопав вжэ, мы там назбіраем картоплі”. Вона взэла в брата тачку, пошлы мы. Пошлы, назбыралы тэй картоплі. А там чэрэз канаву панські маёнтак. Мы на дорогу, а тут машина едэ туды, бортовая. Мы сховалысь і картоплю сховалы: там на полю такій агрэгат, шо сіно качае, мы пад тэй агрэгат, картоплю прыкрылы. І я пішла за тачкай. Прыехалы, а на полю такі кучы крапывы, бодзяк. Як улезлі мы в тэй бодзяк, а, Божа ж мій. А корчы такія, а не было ж карчёв. Эта на Чуда. Хочамо знайты тое поле і нэ можамо. А дэ мы ходымо? Корчі й корчі. А там шось страляе і мотоцыкол вурчыць. Это брыгадзір ездыв. Тоды сусідкі нэма. Я: “Дуня, Дуня”. – Нэма. А дзе тая Дуня? Я забрала мэшок картоплі і пішла. Під раніцу прышла. До сусідкі: “Дуня, ты дома?” О такое чуда было. Нільзя работаць на Чуда».
Часам святочныя забароны датычыліся нейкага аднаго віду дзейнасці. Яскравы прыклад – Крыжаўзвіжанне (Узвіжанне Крыжа Гасподняга), якое праваслаўныя адзначаюць 27 верасня, а каталікі (назва ў іх Узвышэнне Святога Крыжа) – 14 верасня. Як піша Таццяна Кухаронак, менавіта гэтае дванадзясятае свята інфарманты яе экспедыцый у розных рэгіёнах Беларусі звязвалі з забаронай наведваць лес. Верылі, што зямля пачынае рухацца і расступацца ў некаторых месцах лясных масіваў, а ў гэтыя правалы на зіму хаваюцца вужы, змеі, яшчаркі. Беларусы казалі, што гэтыя істоты збіраліся масава ў тых ці іншых месцах, а пасля зямля зноў сыходзілася, нібы «закрываючыся» да вясны.
Само сабой, такія сустрэчы ў восеньскім лесе выклікалі страх і жудасныя адчуванні, нават калі вынік парушэння забароны быў перажыты не асабіста, а праз аповед сведкі. Вось прыклад расказу ад Соф'і Путрык 1927 года нараджэння з вёскі Клінок Чэрвеньскага раёна Меншчыны:
«Цётка наша пашла на ета Узьвіжаньне, дак чуць уцякла з лесу. Кажа, як глянула – дак і там, і там гэтыя гадзюкі, шыпяць, поўзаюць, круцяцца. Чуць са страху не памерла! Яны, кажа, у вырай сабраліся».