Лукашэнку ўказалі ягонае месца «пад лаўкай»
29- 20.04.2025, 9:31
- 23,276

На парад у Маскву дыктатар паедзе з вельмі кіслай мінай.
Падчас апошняга візіту ў Маскву Пуцін упершыню загаварыў з Лукашэнкам пра трансфармацыю «саюзнай дзяржавы» ў федэратыўны фармат і прапанаваў «падумаць», піша тэлеграм-канал
Пры гэтым Пуцін «загадаў» замяніць Мезенцава. Крыніцы ТГ-канала паведамілі, што Мезенцаў быў вялікім прыхільнікам Лукашэнкі.
Крэмль змяніў яго «вялікім інтэгратарам» Глазьевым, які мае з 2014 года практычны досвед пашырэння расейскіх земляў, такім чынам пазначыўшы для Лукашэнкі сур'ёзнасць намераў Крамля.
Лукашэнка падбрыкнуў ужо адразу пасля візіту. Ягоная адміністрацыя праз свае каналы перадала назад у Крэмль катэгарычную нязгоду з кандыдатурай Глазьева. У адказ Крэмль выпусціў у эфір артыкул Грызлова пра беларускі нацыяналізм, указаўшы Лукашэнку ягонае месца «пад лаўкай», намякаючы на арышты прарасейскіх агентаў уплыву ніжняга звяна.
У штабе Лукашэнкі зразумелі, што ў Менск дасылаюць чарговага апрычніка Глазьева, які супольна з Грызловым пачне федэратыўны сцэнар з адначасовым пашырэннем уплыву расейскага свету. У адказ Лукашэнка выпусціў дырэктыву з мяккім намёкам на «асаблівы шлях». «Жарт» у Крамлі ацанілі і даслалі дырэктара СВР на «размову».
Крыніцы паведамілі, што прыкладна такі самы мэсэдж ужо перадаваў Патрушаў падчас свайго візіту ў Менск у 2019 г. Тады Лукашэнку ўпершыню загналі ў кут. Пуцінскі асабісты пасланнік Нарышкін зрабіў Лукашэнку шэраг «прапановаў», ад якіх той пад ціскам Крамля не зможа адмовіцца.
У штабе візіт і размову ўспрынялі сур'ёзна і расцанілі як пагрозу і абвясцілі сігнал трывогі ўнутры ядра рэжыму. Наступны дзень пасля сустрэчы быў даволі нервовым. Крыніцы паведамілі, што пасля візіту Нарышкіна Лукашэнка замітусіўся і аддаў шэраг тэрміновых асабістых і сакрэтных распараджэнняў кіраўнікам КДБ, ААЦ і СБП. Па калідорах адміністрацыі праляцела чутка, што Лукашэнка ўпарта адмовіўся ад нейкай адчувальнай для Крамля прапановы і ўсе рыхтуюцца да наступстваў…
Крыніцы паведамілі, што на парад у Маскву Лукашэнка паедзе з вельмі кіслай мінай.