ISW: Умовы Крамля выклікалі абурэнне Вашынгтона
1- 20.04.2025, 10:45
- 13,346

Трамп страчвае цярпенне.
Афіцыйныя асобы Злучаных Штатаў выяўляюць усё большае расчараванне ў сувязі з тым, што Расея, якая прадаўжае агрэсіўную вайну супраць Украіны, ігнаруе амерыканскія ініцыятывы мірнага ўрэгулявання. У адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа заяўляюць, што ён «страчвае цярпенне» і можа адмовіцца ад пачатага ім самім мірнага працэсу.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW), якая спасылаецца на крыніцы ў амерыканскім палітычным асяроддзі.
Паводле інфармацыі аналітыкаў, Крэмль прадаўжае адхіляць прапановы ЗША аб спыненні вайны. Як паведамляе NYT са спасылкай на еўрапейскіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў абмеркаваннях у Парыжы 17 красавіка, пазіцыя Вашынгтона ў спыненні агню застаецца стабільнай.
У той самы час расейскі бок, паводле словаў крыніцаў, «марудзіць» і выстаўляе дадатковыя патрабаванні да мірнай ініцыятывы Трампа. Сярод іх – умова так званай «дэнацыфікацыі» Украіны.
Нагадаем, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін яшчэ ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года абвясціў «дэнацыфікацыю» адной з ключавых мэтаў. У Крамлі гэтым тэрмінам часта абазначаюць неабходнасць «ліквідацыі» тых, хто, на думку Масквы, «насаджвае русафобію». Фактычна гэтае патрабаванне выкарыстоўваецца як нагода для заклікаў да змены ўлады ва Украіне і ўсталявання прарасейскага рэжыму.
«Трамп страчвае цярпенне і можа выйсці з мірнага працэсу, калі пагадненне не будзе заключанае неўзабаве», – паведамляе Axios словы дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа са спасылкай на двух еўрапейскіх дыпламатаў.
СNN, у сваю чаргу, са спасылкай на крыніцу, знаёмую з планамі адміністрацыі Трампа, паведаміла, што ЗША плануюць новую сустрэчу спецыяльнага пасланца на Блізкім Усходзе Стыва Уіткафа з расейскім бокам для абмеркавання структуры мірнай ініцыятывы.