У 17-гадовым менскім доме амаль за $2 мільёны даляраў прадаюць кватэру, у якой «ніхто не жыў»
16- 20.04.2025, 10:56
- 8,194

Сам 16-павярховы дом называецца «домам бізнэс-класу».
Аб'ява пра продаж пяціпакаёвай кватэры плошчай 334 квадратныя метры з'явілася на Realt.by 14 красавіка. Хоць жыллё размешчанае ў доме па Ціміразева, 4, пабудаваным у 2008 годзе (побач з метро «Маладзёвая» і гіпермаркетам «Карона»), аўтар аб'явы сцвярджае, што ў кватэры раней ніхто не жыў.

Сам 16-павярховы дом на скрыжаванні вуліцы Ціміразева і праспекта Машэрава ў аб'яве называецца «домам бізнэс-класу» з павышаным узроўнем бяспекі, відэаназіраннем і выдатнай сістэмай вентыляцыі.
Двухузроўневая «VIP кватэра» на 11 паверсе, якая прадаецца, мае жылую плошчу 203,9 метра.
На першым узроўні размешчаная кухня плошчай з невялікую аднапакаёвую кватэру (35,6 метра), гасцёўня з камінам і спальня. На другім – яшчэ тры спальні (адна з іх з асобным санвузлом і гардэробнымі – яе аўтар аб'явы называе «майстар-спальняй».

На стан 20 красавіка за кватэру просяць 5 823 846 рублёў (1 890 000 даляраў). Сцвярджаецца, што рамонт у кватэры выкананы паводле дызайнерскага праекту, усе элементы прадстаўленыя ў індывідуальным выкананні і выкананыя паводле аўтарскіх эскізаў, а ўся мэбля прывезеная з Італіі.
Інтэр'ер пры гэтым выкананы «з мастацкім густам і вытанчанасцю» (наколькі гэтыя словы адпавядаюць рэчаіснасці, можна меркаваць з прыкладзеных да аб'явы фатаграфіяў).
