20 красавiка 2025, Нядзеля, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WSJ: Гандлёвая вайна Трампа ўдарыла па кішэні Крамля

WSJ: Гандлёвая вайна Трампа ўдарыла па кішэні Крамля

Вайсковая эканоміка Пуціна не пазбегне наступстваў.

Расея пазбегла тарыфаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Наступствы гандлёвай вайны ўсё ж удараць па кішэні Крамля праз нафту.

Газета Wall Street Journal піша, што нафта і газ складаюць блізу траціны даходаў дзяржбюджэту РФ - гэта галоўны рухавік крамлёўскай эканомікі і асноўная крыніца яе ўразлівасці. Аналітыкі мяркуюць, што калі кошты застануцца нізкімі, то расейскую эканоміку чакае жорсткая пасадка, а дэфіцыт бюджэту павялічыцца амаль удвая.

Эканоміка РФ замарудзілася яшчэ да абвалу коштаў нафты, а Крэмль вядзе перамовы з ЗША аб спыненні агню ва Украіне. Масква не спяшаецца з мірнымі перамовамі, разлічваючы, што перамогі на полі бою дадуць ёй больш рычагоў ціску для дасягнення максімальных саступак. Хаця цяперашнія кошты нафты наўрад ці прымусяць Уладзіміра Пуціна адмовіцца ад вайны, больш глыбокае падзенне можа змяніць ягоныя разлікі. Тым часам, на думку аналітыкаў, нафтавы ціск паставіць Крэмль перад балючым выбарам.

«Калі кошт нафты прадоўжыць падаць, яны адчуюць сябе ўшчэмленымі, і яны ўжо пачынаюць гэта адчуваць», - кажа Эліна Рыбакова, старэйшая навуковая супрацоўніца вашынгтонскага Інстытута міжнароднай эканомікі імя Петэрсана. Калі так пойдзе і далей, то яны апынуцца ў сітуацыі «гарматы супраць масла».

Аналітыкі J.P. Morgan мяркуе, што хоць Масква больш ізаляваная ад глабальных тэндэнцый праз санкцыі і разарваныя міжнародныя сувязі, «цунамі, спароджанае гандлёвай палітыкай ЗША, наўрад ці пакіне Расею цэлай».

Цэнтральнае месца нафты ў расейскай эканоміцы выходзіць за межы дзяржаўнай казны. Эканамісты называюць гэта эфектам мультыплікатара, калі бурна развіваная энэргетычная галіна перацякае ў сумежныя сектары. Скарачэнне вытворчасці мецьме негатыўнае ўздзеянне на цэлыя супольнасці, арганізаваныя вакол здабычы і перапрацоўкі нафты.

Паводле ацэнак Сяргея Вакуленкі, былога расейскага энэргетыка і старшага навуковага супрацоўніка Расейска-Еўразійскага цэнтра Карнэгі, Расея губляе амаль 25 мільярдаў даляраў за год на кожныя 10 даляраў падзення кошту нафты.

Аднак, аналітыкі гавораць, што кошты нафты павінны заставацца нізкімі цягам доўгага перыяду часу, каб паўплываць на ваенныя планы Масквы. Расейскі банк «Рэнесанс Капітал» паведаміў, што калі кошт нафты Urals сёлета складзе прыблізна 50 даляраў, рост ВУП складзе 0,1% - гэта будзе шокам для расейскай эканомікі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках