СМІ: «Велікоднае замірэнне» Пуціна можа быць важным сігналам
2- 20.04.2025, 14:23
- 4,642

Расея можа адмовіцца ад аднаго са сваіх ключавых патрабаванняў.
Абвешчанае расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным кароткачасовае «велікоднае замірэнне» на фоне пагроз ЗША спыніць намаганні для ўрэгулявання вайны ва Украіне стала для Крамля лёгкай дыпламатычнай перамогай. Ён мяркуе, што «цішынёй на 30 гадзін» дэманструе гатоўнасць ісці на саступкі.
Аб гэтым піша The Wall Street Journal. На думку аналітыкаў, краіна-агрэсарка сігналізуе аб магчымым адыходзе ад уласнага ж патрабавання развязваць «карэнныя прычыны» вайны, перш чым здзейсніць паўзу ў баявых дзеяннях.
Адзначаецца, што крамлёўскі лідар заявіў аб «велікодным замірэнні», якое павінна доўжыцца ўсяго 30 гадзін, на наступны дзень пасля таго, як адміністрацыя Дональда Трампа прыстрашыла адмовіцца ад сваіх намаганняў у мірным працэсе.
«Кароткачасовая прапанова аб спыненні агню стала лёгкай дыпламатычнай перамогай Пуціна, спробай перашкодзіць амерыканскаму боку выйсці з перамоў і спосабам пазіцыянаваць сябе як лідара, які больш за ўсё хоча міру», – ацанілі ў WSJ.
У той жа час, мяркуе выданне, заява расейскага дыктатара сігналізуе аб магчымым адыходзе ад яго патрабавання развязваць тое, што ён называе «карэннымі прычынамі» вайны, перш чым здзейсніць паўзу ў баявых дзеяннях.
«Калі гэта толькі на вельмі кароткі перыяд часу, ён нічым не рызыкуе, але гуляе на сваю карысць як чалавека, які нібыта шчыра імкнецца да міру», – патлумачыла старшая навуковая супрацоўніца Цэнтра Карнэгі Расея – Еўразія Таццяна Станава.