Крэмль будзе прадаваць Кітаю газ амаль за паўкошту
2- 23.04.2025, 16:21
- 2,814

Кошт газу "Газпрома" для КНР знізіцца да $247,3.
Урад РФ запланаваў зніжэнне цаны на расейскі газ для Кітая.
У 2024 годзе пастаўкі "Газпрома" па запушчаным у 2019 годзе трубаправодзе Сіла Сібіры абыходзіліся КНР у $267,6 за тысячу кубаметраў. Кошт быў на 30% ніжэйшы за той, што плацілі кліенты ў Еўропе і Турцыі ($376,9 за тысячу кубоў), паведамляе The Moscow Times.
У 2025 годзе цана газу "Газпрома" для Кітая знізіцца да $247,3, а для еўрапейскіх і турэцкіх пакупнікоў, наадварот, вырасце да $403 за тысячу кубаметраў. Зніжка, такім чынам, дасягне 39% і перавысіць $150 за тысячу кубаметраў.
На 2026 год урад РФ плануе яшчэ нязначнае зніжэнне цаны газу для КНР - да $ 241,8 за тысячу кубоў.
У 2024 годзе "Газпром" прапампаваў у Кітай 31 млрд. кубаметраў газу, а ў 2025-м вывеў Сілу Сібіры на праектную магутнасць - 38 млрд. кубаметраў за год. Гэта кампенсуе газавай манаполіі толькі менш за 20% ад даваеннага экспарту ў Еўразвяз, які на піку даходзіў да 200 млрд. кубаметраў.
З тых часоў пастаўкі "Газпрома" на некалі найбуйнейшы рынак збыту скараціліся амаль у сем разоў, да мінімуму з другой паловы 1970-х гадоў: 28 млрд. кубаметраў у 2023 годзе і 32 млрд. кубоў - у 2024-м.