У Беларусі пенсіянеры атрымаюць зніжку 50% на праезд у электрычках
4- 23.04.2025, 18:08
- 2,184

З 1 траўня.
У Беларусі пенсіянеры атрымаюць зніжку 50% на праезд у электрычках з 1 траўня. Падрабязнасці расказалі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.
У паведамленні сказана, што для беларускіх пенсіянераў у перыяд з 1 траўня да 31 кастрычніка 2025 года ў момант сезонных сельскагаспадарчых працаў будзе дзейнічаць зніжка 50 адсоткаў ад кошту ў цягніках рэгіянальных ліній эканомкласу, гэта значыць у электрычках.
У БЧ удакладнілі, што такое прадугледжана ўказам прэзідэнта Беларусі №176 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пенсіянераў» ад 29 красавіка 2011 года. У прэс-службе дадалі, што для набыцця квітка з названай зніжкай трэба прад'явіць арыгінал пенсійнага пасведчання. Акрамя таго, дакумент мусіць быць пры сабе і ў момант паездкі.
Удакладняецца, што льготныя квіткі пенсіянеры могуць аформіць у білетных касах, на інтэрнэт-сайце pass.rw.by пры дапамозе мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік», а таксама праз тэрміналы самаабслугоўвання.