Кіраўнік Пентагона расказаў пра змяненне ўнёску ЗША ў бяспеку Еўропы
7- 23.04.2025, 18:58
- 3,460

Піт Хегсет заявіў, што Еўропа павінна ўзяць на сябе ваенную адказнасць і стаць лідаркай.
ЗША больш не могуць заставацца адзіным гарантам бяспекі еўрапейскіх краінаў, заявіў кіраўнік Пентагона Піт Хегсет, выступаючы ў Каледжы Сухапутных войскаў ЗША ў штаце Пенсільванія.
«Той час, калі ЗША былі адзіным гарантам еўрапейскай бяспекі, мінуў. Еўропа павінна нарасціць ваенныя намаганні і ўзяць на сябе гэтую ролю», – сказаў Хегсет. Трансляцыю ягонага выступу вяло агенцтва Associated Press.
Разам з тым амерыканскі міністр адзначыў, што з ростам унёску еўрапейскіх краінаў у арганізацыю ўласнай бяспекі ў Вашынгтона з'явяцца дадатковыя магчымасці, каб сфакусавацца на іншых пытаннях – перш за ўсё на супрацьдзеянні кітайскаму ўплыву ў Азіі. «Пасланне прэзідэнта Трампа свету цягам 100 дзён ягонага другога прэзідэнцкага тэрміну застаецца вельмі выразным: Амерыка зноў у справе», – дадаў кіраўнік Пентагона.
Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў краіны Еўропы, якія ўваходзяць у NATO, за недастатковасць выдаткаў на абарону. Ён таксама гаварыў, што Еўразвяз быў створаны для таго, «каб абдзіраць» Злучаныя Штаты.