24 красавiка 2025, Чацвер, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Індыя і Пакістан закрываюць межы і ўзаемна высылаюць грамадзян

12
Індыя і Пакістан закрываюць межы і ўзаемна высылаюць грамадзян

Эксперты не выключаюць, што справа можа дайсці да ўзброенага канфлікту.

Пасля атакі баевікоў у індыйскім штаце Джаму і Кашмір, падчас якой загінулі 26 чалавек, стасункі паміж Індыяй і Пакістанам значна абвастрыліся. Адказнасць за напад узяла на сябе малавядомая групоўка, якая, паводле версіі Індыі, звязаная з ісламісцкай пакістанскай арганізацыяй Lashkar-e-Taiba. Пакістан адпрэчыў абвінавачанні, піша CNN.

Масавае забойства адбылося 22 красавіка ў турыстычным раёне Пахалгам у індыйскім штаце Джаму і Кашмір. Баевікі расстралялі адпачывальнікаў з блізкай адлегласці, загінулі 26 чалавек, большасць з якіх — грамадзяне Індыі. Са слоў ацалелых, нападнікі абвінавачвалі іх у падтрымцы прэм'ера краіны Нарэндры Модзі.

Гэты напад стаў першым такім буйным з чэрвеня 2024 года, калі ў выніку атакі загінулі дзевяць паломнікаў. Інцыдэнт адбыўся праз дзень пасля пачатку візіту ў Індыю віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса.

Індыйская паліцыя апублікавала звесткі на траіх падазраваных, заявіўшы, што двое з іх - грамадзяне Пакістана. У рэгіёне ўзмоцненыя захады бяспекі, амаль усе турыстычныя паездкі скасаваныя.

Індыя скараціла дыпламатычныя стасункі з Пакістанам, закрыла адзіны наземны пагранічны пераход, узмацніла жорсткасць візавага рэжыму, а таксама ўпершыню прыпыніла ўдзел у дамове аб супольным выкарыстанні вод ракі Інд. Пакістанцам, якія знаходзяцца ў краіне, далі 48 гадзін на выезд.

Таксама Індыя абвясціла ўсіх вайсковых дарадцаў пакістанскай дыпмісіі ў Нью-Дэлі персонамі нон-грата, абавязаўшы іх пакінуць краіну цягам тыдня. Індыя выведзе сваіх вайсковых аташэ з Пакістана і скароціць персанал пасольства ў Ісламабадзе з 55 да 30 чалавек.

Гэта выклікала рэзкае асуджэнне з боку Пакістана, які назваў дзеянні Нью-Дэлі «актам вайны». Ён закрыў сваю паветраную прастору для ўсіх індыйскіх авіякампаній і самалётаў, звязаных з Індыяй, запатрабаваў, каб усе грамадзяне Індыі пакінулі краіну, і прыпыніў візы, выдадзеныя ў рамках паўднёваазіяцкай праграмы вызвалення ад віз (SAARC).

Дадаткова Пакістан абвясціў персонамі нон-грата індыйскіх вайсковых дарадцаў - у пытаннях абароны, ВМС і авіяцыі - у Ісламабадзе Усе гандлёвыя дачыненні з Індыяй таксама былі цалкам спыненыя.

Адказнасць за тэракт у Кашміры ўзяла на сябе малавядомая групоўка Kashmir Resistance (іншая назва - The Resistance Front), якая абвінаваціла ўлады ў перасяленні «чужынцаў» у рэгіён, што нібыта пагражае мясцовай дэмаграфіі. У Індыі мяркуюць, што яна звязаная з ісламісцкай арганізацыяй Lashkar-e-Taiba, якая базуецца ў Пакістане. Ісламабад адмаўляе, што падтрымлівае гвалт з боку баевікоў.

Раён Кашміра - гістарычна напружаная тэрыторыя, якую аспрэчваюць Індыя і Пакістан. Пасля скасавання аўтаномнага статусу Кашміра ў 2019 годзе ўрад дазволіў «аўтсайдарам» атрымліваць мясцовае грамадзянства, што выклікала хвалю крытыкі і незадаволенасці.

Эксперты не выключаюць, што справа можа дайсці да ўзброенага канфлікту, як у 2019 годзе, калі індыйскія ВПС нанеслі ўдар па тэрыторыі Пакістана.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках