Індыя і Пакістан знаходзяцца на мяжы вайны
10- 25.04.2025, 13:39
- 15,740

Абедзве краіны маюць у сваім арсенале ядзерную зброю.
Індыя і Пакістан знаходзяцца на мяжы новай вайны, а абедзве краіны закрылі сваю паветраную прастору. Не выключана, што ў найбліжэйшыя дні Індыя скасуе пагадненне аб спыненні агню з Пакістанам. Нагадаем, што абедзве краіны маюць у сваім арсенале ядзерную зброю.
Прычына новага канфлікту паміж краінамі - забойства турыстаў у рэгіёне Кашмір баевікамі з групы «Фронт супраціву», паведамляе рэсурс Defence Express.
Пакістан ужо прыстрашыў Індыю вайной, бо яшчэ адной прычынай стаў закрыты доступ да вады. У Нью-Дэлі абвінавацілі Ісламабад у падтрымцы баевікоў, якія і забілі турыстаў.
Праз час Індыя абвясціла аб закрыцці пагранічнага пераходу, анулявала ўсе раней выдадзеныя візы і дала Пакістану 48 гадзін, каб Індыю пакінулі яе грамадзяне.
Таксама было заяўлена аб выхадзе Індыі з «Дамовы аб водах Інда» ад 1960 года. Паводле дамовы водныя рэсурсы, якія бяруць пачатак у Кашміры, былі падзеленыя паміж Індыяй і Пакістанам у суадносінах 50 на 50.
Рака Інд з'яўляецца галоўнай крыніцай вады для арашэння тэрыторыі 12 млн гектар. У Нью-Дэлі запэўніваюць, што ў Пакістана ў наяўнасці нашмат больш воды, чым у Індыі, у суадносінах 80% да 20%, менавіта таму Індыя заблакавала ўсе чатыры шлюзы, якія кантралююць плынь вады ў бок Пакістана.
У Ісламабадзе закрылі паветраную прастору для індыйскіх самалётаў і забаранілі гандаль з Нью-Дэлі нават праз трэція краіны.
У Пакістане заявілі, што спыненне вады або яе адвод будзе ўспрыняты як «акт вайны» з боку Індыі. Таксама анансаванае прыпыненне дзеяння Шымлійскай дамовы, якая ўрэгулявала вынікі вайны ад 1971 года.
Доўгі час Кашмір з'яўляецца спрэчнай тэрыторыяй паміж Індыяй і Пакістанам. На сёння гэты рэгіён падзелены паміж трыма краінамі, у тым ліку і Кітаем.